Праз два месяцы Мікалая Статкевіча павінны перавесці ў калонію



Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч у лісце дамоў ўступіў у палеміку з Лукашэнкам адносна шляхоў развіцця беларускай мовы. Жонка палітвязня Марына Адамовіч працытавала ягоны ліст. У ім палітвязень піша, што дадатковыя гадзіны беларускай мовы ў школах – крок неабходны, але неэфектыўны без стварэння матывацыі — ведаць мову для жыццёвага поспеху. Марына Адамовіч згадала, што як раз пасля ліста Статкевіча на тэму становішча беларускай мовы, дасланага са Шклоўскай калоніі, на яго былі накладзеныя пакаранні.

Праз 2 месяцы, 12-га студзеня,  закончыцца трохгадовы тэрмін пакарання Статкевіча турмой. Марына Адамовіч разлічвае, што яе мужа вярнуць у шклоўскую калонію, дзе яму застанецца адбыць ад агульнага тэрміну яшчэ 2 гады.

Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў 19-га снежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні. Трымаюць Статкевіча ў крытай турме ў Магілёве.

Паводле  svaboda.org

Фота nv-online.info