Празрыстыя скрыні для непразрыстых выбараў
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавядае пра тое, як падчас выбараў “спрацуюць” празрыстыя скрыні для галасавання.
Валянцін Стэфановіч
Як вядома, на прэзідэнцкіх выбарах у буйных гарадах Беларусі Цэнтрвыбаркам плануе ўсталяваць празрыстыя скрыні для галасавання.
Яшчэ раней, каментуючы прапановы апазіцыі па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства, адно з якіх тычылася ўстаноўкі на ўчастках празрыстых скрыняў, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што гэтае пытанне не патрабуе заканадаўчых змяненняў і ўжо пэўны час прапрацоўваецца ў ЦВК.
Валянцін Стэфановіч: Я заўсёды казаў, што празрыстыя скрыні ў беларускіх рэаліях – гэта поўная лухта! Мусіць быць празрыстая працэдура падліку галасоў, а якія ўжо там будуць скрыні – дзясятая справа. Можна правесці абсалютна празрыстыя выбары і без гэтага “новаўвядзення”. Ды і што такое празрыстая скрыня? Ляжаць стопы спісаў. І што з таго? Да таго ж, укіды ў нас не робяць. Калі і адбываюцца нейкія фальсіфікацыі, то падчас непразрыстага падліку, які дазваляе маніпуляваць лічбамі. Вельмі цяжка суаднесці вынікі падліку, які немагчыма назіраць, з тым, што напісана ў пратаколе. Вось – праблема!
РР: Раней ЦВК прапаноўвалася ўсталяваць яшчэ і відэакамеры на выбарчых участках. Як вы ставіцеся да гэтага?
Валянцін Стэфановіч: Добра стаўлюся, але ж ініцыятыву не прынялі. Відэакамеры прыйшліся б да месца, бо, напрыклад, у грамадстве ёсць недавер да таго ж датэрміновага галасавання. Чаму кожныя выбары мы сутыкаемся з праявай, калі некаторыя катэгорыі выбаршчыкаў (студэнтаў ці вайскоўцаў) масава гоняць на датэрміновае галасаванне? Навошта гэта патрэбна? Няхай бы на ўчастках усталявалі камеры на ноч над скрыняй для галасавання, каб на наступны дзень назіральнікі маглі пабачыць, што ніхто яе не чапаў, ніхто не мяняў лісты. Чаму не ўстанавіць? Сказалі, што гэта дарагая модная “фішка”, якая на выбары не ўплывае. А я лічу, што ўплывае.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя