Прэм’ер Літвы лічыць, што краіна павінна ўсталяваць кантакты з Расеяй



Прэм’ер Літвы Саўлюс Скверняліс лічыць, што ў гэтым годзе Літва павінна ўсталяваць кантакты з расейскімі ўладамі, а ранейшую палітыку ізаляцыі назваў невыгоднай і ўнікальнай ў Еўразвязе.

 
 

Прэм’ер адзначыў, што да аднаўлення сувязяў трэба падыходзіць прагматычна, адначасова нельга адмовіцца ад стратэгічных пазіцый па Украіне.

З моманту анексіі Крыма і да гэтага часу Літва не праводзіла ніякіх сустрэч з высокапастаўленымі прадстаўнікамі Расеі. Суседнія Латвія, Эстонія і Польшча падтрымліваюць з Расеяй сувязі на роўні міністраў і віцэ-міністраў. Буйныя Еўрапейскія краіны маюць зносіны з Масквой і на вышэйшым роўні – у траўні мінулага года ў Расеі з візітам знаходзілася Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прымаў Уладзіміра Пуціна ў Версалі. 

Літва засноўвае заклікі ізаляваць Расею на тым, што вяртанне да звычайных адносін будзе расцэнена як саступка, і можа толькі заахвоціць агрэсіўную палітыку Крамля. Выступоўцы за дыялог сцвярджаюць, што толькі шляхам зносін можна прадухіліць магчымыя буйныя канфлікты і аказаць уплыў на паводзіны краіны.