Прэм’ер Літвы: У нас ёсць план-„хуліган” па БелАЭС
Прэм`ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс плануе звярнуцца да беларускіх уладаў з прапановай наконт Беларускай АЭС, паведамляе партал Delfi.
„Што мы можам цяпер зрабіць? У нас ёсць план-„хуліган”. Я прапаную беларусам рашэнне. Рацыянальнае. Не такое, што кажа: „Закрыйце”, — заявіў Скверняліс, які з`яўляецца кандыдатам у прэзідэнты Літвы, на сустрэчы з жыхарамі горада Кедайняй.
Скверняліс не стаў удакладняць, што менавіта ён мае намер прапанаваць Беларусі з нагоды АЭС.
У сваю чаргу дзейны прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, каментуючы выказванні Скверняліса, заявіла: „Міжнародныя арганізацыі пацвердзілі, што пляцоўка для БелАЭС абраная небяспечная, а сама атамная станцыя ўяўляе пагрозу. Таму неабходна дамагацца закрыцця БелАЭС. Вопыт Аўстрыі паказаў, што гэта магчыма, калі дастае палітычнай волі”.
Старшыня парламенцкай камісіі па пытаннях энергетыкі і гарманічнага развіцця Віргіліюс Подэрыс сказаў, што з ім Скверняліс свае планы яшчэ не абмяркоўваў. Подэрыс патлумачыў, што пазіцыя Літвы ў дачыненні да БелАЭС адлюстравана ў законе і пакуль ніхто не ўносіў прапаноў яго змяніць.
У чэрвені 2017 года літоўскі сейм прыняў закон, у якім гаворыцца, што БелАЭС з`яўляецца небяспечнай і ўяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і здароўя людзей. Мэта гэтага закона — абгрунтаваць абмежаванні імпарту электраэнергіі. Урад пасля зацвердзіў план, як блакаваць імпарт электраэнергіі, якая будзе выпрацоўвацца на БелАЭС.
Літва лічыць, што будаўніцтва БелАЭС за 50 км ад Вільнюса вядзецца з парушэннямі патрабаванняў бяспекі, без выканання міжнародных стандартаў, між тым Мінск усе гэтыя абвінавачанні адхіляе.
Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расіі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў пачатку 2019 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВ•гадз электраэнергіі штогод.
© DELFI / Tomas Vinickas