Прэм’ер-міністр Чэхіі запэўніў Ціханоўскую ў падтрымцы барацьбы за свабоду ў Беларусі



 Прэм’ер-міністр Чэхіі Андрэй Бабіш прыняў 8 чэрвеня экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святлану Ціханоўскую і запэўніў яе ў падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл. Пра гэта кіраўнік чэшскага ўрада паведаміў на сваёй старонцы ў „Твітэры”.

„Прайшоў амаль год з тых часоў, як я выказаў заклапочанасць з нагоды ходу правядзення выбараў у Беларусі, а нядаўна мы ў рамках Еўрасаюза асудзілі затрыманне беларускага журналіста Рамана Пратасевіча. Пра гэта я таксама гаварыў з прадстаўніком беларускай апазіцыі”, — адзначыў Бабіш.

„Мне было вельмі прыемна сказаць, што Чэшская Рэспубліка з’яўляецца вельмі добрым прыкладам краіны, якая падтрымала Беларусь канкрэтнымі крокамі, такімі як дапамога людзям у рамках гуманітарнай праграмы MEDEVAC”, — дапоўніў ён.

Як падкрэсліў чэшскі прэм’ер-міністр, ён запэўніў Ціханоўскую, што яна заўсёды будзе мець падтрымку Чэхіі ў барацьбе за свабоду і павагу да правоў чалавека.

Падчас візіту ў Чэхію Ціханоўская ўжо сустрэлася з прэзідэнтам Мілашам Зэманам, анансаваліся таксама яе сустрэчы з міністрам замежных спраў і спікерам ніжняй палаты парламента Чэхіі.

belapan.by

Фота: twitter.com/AndrejBabis