Прэм’ер-міністр Эстоніі Кая Калас: Магчымыя новыя санкцыі ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі
Прэм’ер-міністр Эстоніі Кая Калас лічыць неабходным пачаць у Еўразвязе абмеркаванне новых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта яна заявіла 17 жніўня на сустрэчы з федэральным канцлерам Ангелай Меркель у Берліне, паведамляе камунікацыйнае бюро ўрада Эстоніі.
Паводле слоў Калас, Эстонія і Германія, падзяляюць пункт гледжання, што „Лукашэнка пачаў гібрыдную атаку супраць Еўрапейскага саюза”.
„Мэтай гэтай аперацыі з’яўляецца пакараць тыя ўрады, якія гучна пратэставалі супраць масавых рэпрэсій і парушэння правоў чалавека ў Беларусі і дапамагалі ахвярам. Еўрапейскі звяз аднадушна пакараў беларускі рэжым і эканоміку, увёўшы санкцыі”, — сказала прэм’ер-міністр Эстоніі.
„Сітуацыя патрабуе, каб члены Еўрапейскага звяза пачалі абмеркаванне новых санкцый супраць беларускага рэжыму. Мы ведаем, што адзіны падыход і рашэнні стрымліваюць дыктатараў, а санкцыі аказваюць важны ўплыў на беларускі рэжым”, — дадала яна.
Як паведамлялася, Ангела Меркель на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з Калас заявіла, што Германія правядзе шчыльныя кансультацыі са сваімі еўрапейскімі партнёрамі з нагоды скаардынаванага адказу ўладам Беларусі ў сувязі з міграцыйным крызісам.
Кіраўнік германскага ўрада сказала, што Аляксандр Лукашэнка „выкарыстоўвае бежанцаў, напрыклад з Ірака, каб падарваць бяспеку, і, вядома, мы асуджаем гэта самым рашучым чынам”. Паводле яе слоў, Берлін паспрабуе заняць агульную пазіцыю з партнёрамі па ЕЗ, „таму што гэты гібрыдны від канфрантацыі, які выкарыстоўваецца Беларуссю, з’яўляецца атакай на ўсіх нас у Еўрапейскім звязе, а не толькі на адну краіну”.
Чацвёрты пакет санкцый ЕЗ у дачыненні да беларускага рэжыму быў прыняты 21 чэрвеня. У яго ўключаныя 78 фізічных і 8 юрыдычных асоб, у тым ліку тыя, хто мае дачыненне да пасадкі ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair. Абмежавальныя меры ўключаюць забарону на ўезд на тэрыторыю ЕЗ і замарожванне актываў гэтых асоб. Акрамя таго, грамадзянам і кампаніям ЕЗ забаронена даваць сродкі асобам, уключаным у спіс.
24 чэрвеня Еўразвяз упершыню ў гісторыі ўвёў сектаральныя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Санкцыі сталі адказам ЕЗ на няспынныя парушэнні правоў чалавека ў краіне, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў, а таксама вымушаную пасадку самалёта Ryanair і затрыманне яго пасажыраў — журналіста Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцы Сафіі Сапегі.