Прэм’ер-міністр Латвіі наведае з рабочым візітам Беларусь



Прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш 16 студзеня наведае Беларусь з рабочым візітам, паведаміла прэс-служба латышскага кіраўніка ўрада.

Падчас візіту прэм’ер-міністр сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам і прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам, каб абмеркаваць супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, у тым ліку ў галіне экалогіі, транспарту і лагістыкі, а таксама абмеркаваць бягучую сітуацыю ў рэгіёне.

Крыш’яніс Карыньш таксама возьме ўдзел у нарадзе па арганізацыі чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе, на якім плануецца абмеркаваць бягучыя пытанні, якія тычацца падрыхтоўкі да чэмпіянату.

„Латвія зацікаўленая ў падтрыманні добрасуседскіх адносін і больш цеснага эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Чэмпіянат свету па хакеі, арганізаваны сумесна Латвіяй і Беларуссю ў 2021 годзе, з’яўляецца добрай магчымасцю для ўмацавання адносін паміж дзвюма краінамі”, — лічыць Карыньш.

Як паведамлялася раней, Аляксандр Лукашэнка разлічвае наведаць Латвію ў першай палове 2020 года. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, назапасілася шмат пытанняў для таго, каб „развіць нашы адносіны з гэтай нашай суседняй краінай”. „Я бачу імкненне латвійскіх уладаў і латвійскага грамадства да таго, каб прыняць з візітам прэзідэнта Беларусі як прадстаўніка беларускага народа. Я гэта вельмі цаню. І мы цяпер інтэнсіўна працуем над гэтым пытаннем. Думаю, што дзесьці на працягу першага квартала, можа, пачатку другога, мы будзем гатовыя. І я з вялікім задавальненнем чакаю гэтага візіту… Я прыеду, і мы вырашым многія пытанні”, — заявіў беларускі кіраўнік журналістам 17 лістапада.

Пра тое, што Беларусь і Латвія арганізуюць ў 2021 годзе адзін з лепшых чэмпіянатаў свету па хакеі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 4 студзеня ў Мінску на сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) Рэне Фазелем. „Я вельмі ўдзячны Міжнароднай федэрацыі і асабіста прэзідэнту за тое, што вы падтрымалі гэты чэмпіянат свету ў Беларусі і Латвіі. Вы можаце не сумнявацца: мы разам з нашымі суседзямі на годным узроўні правядзем гэты чэмпіянат. Гэта будзе адзін з лепшых чэмпіянатаў свету”, — запэўніў Лукашэнка.

Паводле звестак Белстата, тавараабарот Беларусі і Латвіі за 10 месяцаў 2019 года склаў 431,3 млн долараў, што на 15,4% менш, чым за аналагічны перыяд 2018 года, у тым ліку экспарт — 355,7 млн (-18,4%), імпарт — 75,6 млн (2,7%). Станоўчае сальда склала 280,1 млн долараў.

belapan.by

Фота: Flickr/Valsts kanceleja/ State Chancellery