Прэм’ер-міністр Літвы сустрэўся з Ціханоўскай
Прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс раніцай 20 жніўня сустрэўся з кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай, паведамляе партал Delfi са спасылкай на прэс-сакратара прэм’ера Томаса Бяржынскаса.
Паводле слоў Бяржынскаса, Ціханоўская звярнулася ў Нацыянальны цэнтр грамадскай аховы здароўя Літвы і падала адмоўны вынік тэсту на COVID-19, таму атрымала дазвол пакінуць месца ізаляцыі.
Сам Сквярняліс паведаміў пра сустрэчу з Ціханоўскай у „Фэйсбуку”. Ён распавёў, што абмеркаваў з кандыдатам у прэзідэнты ўсё, што ёй удалося перажыць. „Мы гаварылі пра выпрабаванні, якія выпалі на яе долю падчас перадвыбарнай кампаніі, аб велізарнай адказнасці, якую яна на сябе ўзяла. А таксама аб паўсядзённых клопатах і патрэбах, з якімі яна сутыкаецца ў Літве, пытанне яе асабістай бяспекі і бяспекі яе сям’і”, — напісаў кіраўнік літоўскага ўрада.
Ён зазначыў, што Літва заўсёды падтрымлівала беларускі народ у яго імкненні да свабоды і дэмакратыі. „Мы бачым абуджэнне народа, падтрымліваем яго. Дарога да свабоднага грамадства не будзе простай, яна запатрабуе вялікай вытрымкі. Я веру, што ў беларусаў яе дастаткова”, — сказаў Сквярняліс.
„Я запэўніў Святлану, што ўрад разам з партнёрамі ў Польшчы, Латвіі і Эстоніі робіць і зробіць усё, каб ажыццявіць імкненне да свабодных і сумленным выбараў у Беларусі, і каб яе дзеці маглі як мага хутчэй абняць свайго бацьку на волі”, — паабяцаў чыноўнік.
19 жніўня Святлана Ціханоўская запісала зварот да Еўрапейскага савета, у якім заклікала еўрапейскіх лідараў не прызнаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У гэты ж дзень у яе адбылася размова са старшынёй Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен. Таксама прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы, з генеральным сакратаром Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Германіі Паўлем Цыміякам, з французскім палітычным журналістам Бернарам-Анры Леві, а таксама з дарадцам прэзідэнта Францыі Эмманюэля Макрона Эманюэлем Бонам.
Паводле інфармацыі прэс-сакратара Ганны Красулінай, 21 жніўня ў Вільні пройдзе прэс-канферэнцыя Ціханоўскай.