Прэм’ер-міністр Літвы: У Беларусі застаўся толькі адзін шлях — шлях свабодных людзей да перамогі



У Беларусі застаўся толькі адзін шлях — шлях свабодных людзей да перамогі, заявіла прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце 22 сакавіка на другім Форуме Кастуся Каліноўскага ў Вільні, які праводзіць літоўскі сейм (трансляцыя вядзецца на youtube-канале форуму).

Кіраўнік літоўскага ўрада назвала сімвалічным той факт, што форум, названы ў гонар Каліноўскага, праходзіць у сейме — „месцы, дзе Літва аднавіла сваю незалежнасць”. „Спадзяюся, хутка наступіць дзень, калі мы зможам сабрацца ў парламенце, які будзе абраны народам свабоднай і дэмакратычнай Беларусі”, — сказала яна.

„Памяць пра Каліноўскага, які быў лідарам літоўскага, польскага і беларускага паўстання, жывая, але яго барацьба не скончыцца перамогай, пакуль не стане вольным кожны з трох нашых народаў, — заявіла Шыманіце. — Яго імя нагадвае нам сёння, што ў нас агульная гісторыя. Гісторыя, якая пачалася з Вялікага Княства Літоўскага, а пасля працягнулася ў Рэчы Паспалітай. Гісторыя, у якой нам давялося перажыць стагоддзі прыгнёту. Нашы народы захавалі імкненне да свабоды нават пад уладай царскай Расеі, гадуючы сваіх сыноў і дачок падчас двух сусветных войнаў, ні адна з якіх не была нашай. Разам мы перажылі акупацыю, ссылкі і рэпрэсіі”.

„Мы бачылі падзенне Берлінскай сцяны, а неўзабаве і Савецкага Саюза. Незалежная Літва і незалежная Беларусь зноў вярнуліся на карту свету. Разам з астатнім светам мы паверылі, што жалезная заслона разбураная, але сёння мы бачым, што памыляліся. Некалькім удачлівым народам удаецца вырвацца з-пад заслоны і вярнуцца ў свабодны свет. Я не магу апісаць радасць ад таго, што мая радзіма ўваходзіць у лік гэтых шчаслівых краін. Я таксама адчуваю шчыры асабісты боль, што беларускаму народу дастаўся толькі глыток свабоды. І зноў жалезная заслона цісне на краіну сваім невыносным прыгнётам і жорсткасцю. Яна ўсё больш душыць беларускі народ, які хоча свабоды”, — дадала прэм’ер-міністр.

Шыманіце нагадала, што летась, калі Літва „святкавала 30-годдзе аднаўлення сваёй незалежнасці, будучы паўнапраўным сябрам ЕЗ і НАТА”, беларускі народ „зноў пазбавілі свайго базавага права — галасаваць на выбарах”. Яна падкрэсліла, што „вось ужо восем месяцаў беларусаў збіваюць, саджаюць у турмы, выключаюць з ВНУ і звальняюць проста за тое, што ў іх ёсць уласнае меркаванне, што яны падымаюць свой сцяг і хочуць быць гаспадарамі сваёй краіны”.

„Журналістаў саджаюць за праўду, а не за прапаганду, грамадзянская супольнасць сістэматычна руйнуецца, а яе лідары вымушаныя пакідаць краіну, дзе ёсць месца толькі дыктатару Лукашэнку і тым, хто забіты і з усім згаджаецца, — заявіла літоўскі прэм’ер. — Такую Беларусь Лукашэнка стварыў пры падтрымцы Крамля, і гэта тое, што ён спрабуе ўтрымаць да канца. Жыццё ў акупаванай Літве пад жалезнай заслонай было такім жа, я дагэтуль гэта памятаю. Але яшчэ больш мне запомніліся літоўскі нацыянальны трыкалор і шчаслівыя людзі, якія абвясцілі канец рэжыму”.

Яна таксама нагадала, што ў лістападзе 2019 года літоўцы, беларусы і палякі пад сваімі нацыянальнымі сцягамі ўдзельнічалі ў перапахаванні астанкаў Каліноўскага на вільнюскіх могілках Расу. „Мала хто мог паверыць, што не пройдзе і года, як сотні тысяч беларусаў, якія патрабуюць перамен, падымуць свае сцягі не толькі ў Мінску, але і па ўсёй Беларусі, — сказала Шыманіце. — Змены ўжо наступілі. Людзі, чые сэрцы ўжо вольныя, ніколі больш не пагодзяцца пакорліва падпарадкоўвацца рэжыму. Дыктатар не можа павярнуць усё назад. Застаецца адзіны шлях — шлях вольных людзей да перамогі. Для беларускага народа гэта будзе няпросты і, магчыма, няблізкі шлях”.

Старшыня сейма Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн у сваю чаргу заявіла, што „ідэя справядлівасці цяпер гэтак жа актуальная, як і тысячы гадоў таму”. Справядлівасць, усталяваная ў адным канкрэтным грамадстве, паводле яе слоў, „дае шанец усяму чалавецтву, а несправядлівасць, перажытая за тысячы кіламетраў, будзе мець наступствы для людзей тут і цяпер”.

„У заходніх дэмакратычных грамадствах ідэя справядлівасці выкрышталізавалася ў канцэпцыю дэмакратычных каштоўнасцяў, у якіх правы чалавека і вяршэнства закона маюць першачарговае значэнне, — падкрэсліла яна. — Гэтыя пастаянныя ляжаць у аснове кансэнсусу па нашых агульных каштоўнасцях. На жаль, змест і значнасць гэтых канстант ужо перажываюць трансфармацыю ў старых дэмакратыях Еўропы, гэтак жа, як і ў грамадствах, якія з’яўляюцца краінамі Усходняга партнёрства. Сёння мы разам і кожны з нас паасобку павінны выказаць не толькі спачуванне Беларусі, але і паказаць прыклад каштоўнаснага падыходу”.

Чміліце-Нільсэн паведаміла, што яна далучыліся да ініцыятывы „Палітыкі за свабоду” і ўзяла на сябе абавязацельства зрабіць усё магчымае, каб дамагчыся вызвалення беларускага палітвязня Ігара Лосіка. Яна заклікала ўсіх „зрабіць свой унёсак у гэты рух”, бо „гэта не барацьба Ігара, яго сям’і і аднадумцаў, гэта павінна стаць барацьбой кожнага”.

„На парламенцкім узроўні сейм падняў і працягне падымаць пытанне аб свабодных і дэмакратычных выбарах у Беларусі пад апекай АБСЕ. <…> Беларускае грамадства, як і ўвесь астатні свет, у цяперашні час знаходзіцца ў пункце біфуркацыі, калі грамадства выйшла з раўнавагі і ўзнікла нявызначанасць. Мы не ведаем, ці застанецца сістэма ранейшай, ці ж мы пяройдзем на якасна новы ўзровень. Я не хачу разважаць пра тое, у якім кірунку пойдзе Беларусь, але мы павінны зрабіць усё, што ў нашых сілах, каб беларускае грамадства і народ сталі свабоднымі”, — заявіла старшыня літоўскага сейма.

belapan.by