Прэм’ер-міністр Польшчы пра спробу выкрадання спартоўкі
„Бандыцкая спроба выкрадання спартсменкі, крытычна настроенай да рэжыму Беларусі, натрапіла на вокаімгненную рэакцыю японскай паліцыі і польскай дыпламатыі” — так пракаментаваў падзеі вакол лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.
„Мы забяспечылі Крысціне Ціманоўскай бяспеку ў польскім пасольстве ў Токіа, а таксама пры неабходнасці забяспечым ёй магчымасць працягнуць кар’еру”, — напісаў кіраўнік урада на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
„Агрэсія беларускіх службаў на тэрыторыі Японіі падчас Алімпійскіх гульняў, якія з’яўляюцца сімвалам міру і fair play (сумленнай гульні. — БелаПАН.), павінна сустрэць рашучы адпор міжнароднай супольнасці”, — падкрэсліў Маравецкі.
Свой каментар ён суправадзіў спасылкай на відэаролік, які запісалі вядомыя польскія спартсмены ў канцы жніўня мінулага года, у разгар пратэстаў у Беларусі. „Тады мы не думалі, што неабходнасць салідарнасці з беларускімі спартсменамі вернецца падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа”, — адзначыў прэм’ер.
У канцы ліпеня Незалежны орган па барацьбе з негатыўнымі з’явамі ў лёгкай атлетыцы (AIU) не дапусціў да ўдзелу ў Гульнях 20 спартсменаў, у тым ліку трох беларусаў, з-за недастатковай колькасці допінг-пробаў. Адхіленне беларусак Ганны Міхайлавай і Крысціны Мулярчык ад удзелу ў эстафеце 4 па 400 метраў паставіла пад пытанне ўдзел зборнай у спаборніцтвах 5 жніўня. Кіраўнікі каманды на вызваленыя месцы паставілі Эльвіру Герман і Крысціну Ціманоўскую, якія спецыялізуюцца на стаметроўках.
Ціманоўская ў сацсетках рэзка адрэагавала на такое рашэнне спартыўных чыноўнікаў, што стала прычынай вострай крытыкі лёгкаатлеткі на дзяржтэлебачанні і праўладных старонках у сацсетках.
1 жніўня Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі паведаміў, што трэнерскі штаб нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы прыняў рашэнне спыніць выступленне Ціманоўскай на Алімпіядзе-2020 у Токіа: „Згодна з заключэннем урачоў, у сувязі з эмацыйна-псіхалагічным станам беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай трэнерскім штабам нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы прынятае рашэнне аб спыненні выступлення спартсменкі на гульнях XXXII Алімпіяды. Такім чынам, адкліканая заяўка спартсменкі на ўдзел у кваліфікацыйных забегах на 200 м і ў эстафеце 4х400 м”.
Ціманоўскай купілі авіябілеты ў Мінск праз Стамбул і прывезлі ў такійскі аэрапорт. Там яна звярнулася ў паліцыю па дапамогу. Адносна заявы НАК спартсменка паведаміла, што дактары яе не абследавалі.
„Я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт аб дапамозе, — сказала спартсменка ў відэазвароце, запісаным у аэрапорце. — На мяне быў зроблены націск і мяне спрабуюць вывезці з краіны (Японіі. — БелаПАН.) без маёй згоды. Таму я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт умяшацца ў гэта”.
Увечары 1 жніўня прэс-служба Міжнароднага алімпійскага камітэта паведаміла, што МАК і аргкамітэт Алімпійскіх гульняў у Токіа знаходзяцца ў кантакце з Ціманоўскай, якая на той момант была ў аэрапорце Ханэда.
2 жніўня спартсменка атрымала ў польскім пасольстве гуманітарную візу.