Прэм’ер-міністр Польшчы заклікаў замарозіць усе актывы Расеі



Прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі заклікаў да новых санкцый у дачыненні да Расеі. Аб гэтым ён заявіў на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы кіраўнікоў урадаў Люблінскага трыкутніка, якая адбылася ў Варшаве. Прэм’еры Літвы і Польшчы Інгрыда Шыманітэ і Матэуш Маравецкі прысутнічалі вочна, кіраўнік украінскага ўрада Дзяніс Шмыгаль далучыўся да іх па відэасувязі.

«Заклікаем адсюль з Варшавы, з каралеўскага замка ў Варшаве, пасля сустрэчы нашай люблінскага трыкутніка: замарозьце актывы расейскай дзяржавы цалкам, канфіскуйце гэтыя актывы, замарозьце актывы расейскіх алігархаў, вялікіх і малых, бізнэсоўцаў, палітыкаў ды іншых. Няхай яны служаць тым нявінным людзям, на якіх напалі, няхай яны служаць аднаўленню», — сказаў Маравецкі.

Паводле яго слоў, дзеянні павінны быць эфектыўнымі, каб наносіць урон ваеннай машыне РФ. Ён зазначыў, што Еўропа ўжо прызнала памылкай ранейшую палітыку ў адносінах з Расеяй.

Польскі прэм’ер заявіў, што ягоная краіна знаходзіцца ў авангардзе барацьбы за незалежнасць Украіны, аказваючы гуманітарную дапамогу і заклікаючы ЕС да адзінства. Маравецкі дадаў, што ідзе праца над чацвёртым пакетам санкцыі. Абмежавальныя меры будуць уводзіцца, пакуль апошні расейскі салдат не пакіне ўкраінскай зямлі.

Кіраўнік польскага ўрада таксама падкрэсліў неабходнасць зніжэння залежнасці ад расейскіх энергарэсурсаў. Маравецкі нагадаў, што сёлета мусіць зарабіць газаправод з Нарвегіі ў Польшчу.

Інгрыда Шыманітэ адзначыла, што сустрэча кіраўнікоў урадаў была запланавана даўно і павінна была быць прысвечана зусім іншым пытанням, але вайна ўнесла свае карэктывы. Шыманітэ выказала падтрымку народу Украіны і выказала салідарнасць у Маравецкім. Паводле яе слоў, вайна ва Украіне гэта вайна „за ўсіх нас”.

Шыманітэ дадала, што размова ішла аб тым, як яшчэ мацней дапамагчы Украіне, у тым ліку бежанцам, якіх прыбываюць у Польшчу і Літву.

Прэм’ер Літвы адзначыла, што санкцыі ў адносінах да расейскіх алігархаў дзейнічаюць і з’яўляюцца балючымі. Іх уплыў будзе яшчэ мацнейшым у далейшым. Яна падкрэсліла, што трэба прыцягнуць да адказнасці кіраўніцтва Расеі і Беларусі, якое прадставіла сваю тэрыторыю для агрэсіі.

Кіраўнік украінскага ўрада Дзяніс Шмыгаль адзначыў, што для яго краіны вельмі важна быць кандыдатам на ўступленне ў Еўразвяз. Ён падзякаваў Літве і Польшчы за падтрымку заяўкі Украіны. Гэта сведчыць аб тым, што ягоную краіну разглядаюць як частку еўрапейскай сям’і. Шмыгаль праінфармаваў аб гуманітарнай сітуацыі ва Украіне. Ён падкрэсліў, што Украіна знаходзіцца на пярэдняй лініі фронту, але на ёй могуць аказацца і іншыя краіны. Шмыгаль адзначыў, што кіраўнікі ўрадаў скаардынавалі свае намаганні, каб спыніць вайну, ядзерны шантаж з боку Расеі. Ён падтрымаў патрабаванне аб замарозцы расейскіх актываў. Паводле яго слоў Украіна хоча дабівацца анулявання віз для расейцаў, увядзення санкцый супраць публічных асоб, якія падтрымалі агрэсію, санкцый у адносінах да расейскіх судоў, каб яны не маглі заходзіць у еўрапейскія парты, абмежаванняў на імпарт металапрадукцыі з РФ. Украінскі прэм’ер таксама падкрэсліў важнасць барацьбы з абыходам санкцый.