Прэм’ер-міністр РФ будзе разбірацца з беларускімі ліфтабудаўнікамі?
Пра намер разабрацца з магчымым дэмпінгам беларускіх ліфтабудаўнікоў заявіў прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў.
„Што да беларусаў, з аднаго боку, канкурэнцыя — гэта, наогул, нядрэнна. Але калі яна не зусім добрасумленная, [неразборліва], іншымі словамі, там аб’ём датацый на ўзроўні дэмпінгу, то гэта, вядома, нагода для таго, каб разбірацца”, — сказаў кіраўнік расійскага кабінета ў ходзе наведвання Шчарбінскага ліфтабудаўнічага завода 5 лютага.
„Усякая кааперацыя павінна быць узаемнай, і ўсякае супрацоўніцтва павінна быць узаемным, — падкрэсліў Мядзведзеў, — інакш навошта гэта трэба?”
„І калі б у нас не было адзінага рынку, то і праблем не было б. Але мы гэтыя праблемы маем толькі з адной дзяржавай”, — заявіў прэм’ер-міністр РФ.
„Нам ёсць куды развівацца, — адзначыў ён. — Маю на ўвазе ў тым ліку замяшчэнне замежных ліфтаў… Мае калегі кажуць: можна практычна ў два разы павялічыць вытворчасць”.
Па словах Мядзведзева, каля траціны расійскага рынку ліфтаў належыць замежнікам. „Само па сабе прысутнасць замежных канкурэнтаў — гэта нядрэнна, але трэба, каб усё гэта адбывалася на супастаўных эканамічных умовах. Каб тут не было дэмпінгу, прамой падтрымкі, якая супярэчыць агульнаэканамічным правілам, уключаючы правілы СГА”, — падкрэсліў кіраўнік урада.(Выкарыстаны сюжэты тэлеканалаў „Расея 1” і НТВ, паведамленне прэс-службы ўрада РФ.)