Прэм`ер-міністр Венгрыі наведае Беларусь



Аляксандр Лукашэнка 5 чэрвеня правядзе перамовы з прэм`ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам, які будзе знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам, паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка.

Сустрэча адбудзецца ў Палацы Незалежнасці. Лукашэнка і Орбан абмяркуюць пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесных праектаў. „Беларусь і Венгрыя ўжо маюць добры зачын у развіцці адносін, аднак ёсць вялікі патэнцыял для пашырэння ўзаемадзеяння ў розных сферах”, — адзначыла прэс-служба.

Акрамя таго, на перамовах будзе разгледжанае супрацоўніцтва па лініі Беларусь — Еўрасаюз, у тым ліку ў фармаце Усходняга партнёрства. У цэнтры ўвагі таксама будзе сітуацыя ў рэгіёне і свеце, падыходы да вырашэння найбольш актуальных праблем.

Гэта першы афіцыйны візіт венгерскага лідара ў Беларусь, ён „стане важным этапам у развіцці беларуска-венгерскіх адносін”, адзначае прэс-служба.

Неафіцыйны візіт Орбана ў Беларусь адбыўся 6 чэрвеня 2018 года. Ён прысутнічаў на таварыскім матчы нацыянальных футбольных зборных Беларусі і Венгрыі ў Брэсце.

belapan.by

Фота ria.ru