Прэм’ер-міністры Польшчы і Літвы заявілі пра падтрымку Беларусі
Пра падтрымку Беларусі ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду заявілі прэм’ер-міністры Літвы Інгрыда Шыманіце і Польшчы Матэвуш Маравецкі на перамовах у Вільні 2 траўня.
Паводле слоў Маравецкага, супрацоўніцтва з краінамі Усходняга партнёрства важнае як для падтрымання стабільнасці, так і для росту дабрабыту ў Польшчы і Літве.
„Мы бачым, што адбываецца ў Беларусі і Украіне. Мы вельмі падрабязна гаварылі са спадарыняй прэм’ерам на гэтыя тэмы, бо гэта нашы найбліжэйшыя суседзі. Акрамя таго, гэты рэгіён асабліва ўразлівы з пункту гледжання — на жаль, пра гэта трэба выразна сказаць — расійскай імперыялістычнай палітыкі. Таму мы падтрымліваем Украіну і Беларусь у іх барацьбе за дэмакратыю і свабоду. Паляпшэнне сітуацыі на ўсходзе з’яўляецца індыкатарам нашага рэалізму, таму кантэкст НАТА і Еўрапейскага звяза мае тут абсалютна першараднае значэнне. Мы цвёрда стаім на абароне прынцыпаў міжнароднага права, стабільнасці і цэласнасці дзяржаў у гэтай частцы Еўропы і ў свеце ў цэлым”, — заявіў польскі прэм’ер, якога цытуе яго прэс-служба.
Паводле слоў Інгрыды Шыманіце, Літва, як і Польшча, паслядоўна асуджае рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць мірнага насельніцтва і польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Шыманіце, як паведамляе яе прэс-служба, адзначыла важнасць прынцыповага і выразнага агульнага голасу дзвюх краін у падтрымцы міжнароднай супольнасцю народа Беларусі. „Мы павінны захоўваць адзінства, таму што абараняем не толькі нашу ўласную свабоду і незалежнасць, але і права нашых суседзяў, якія плацяць высокую цану за сваю барацьбу, самім вырашаць уласны лёс”, — падкрэсліла кіраўнік літоўскага кабінета.
Акрамя Усходняга партнёрства і рэгіянальнай бяспекі на перамовах у Вільні абмяркоўвалася сітуацыя вакол Беларускай АЭС. Як заявіла Шыманіце, цяпер адбываецца „крытычны этап развіцця” станцыі, таму неабходна засяродзіць намаганні на папярэджанні трапляння электраэнергіі адтуль на рынак ЕЗ. Яна падзякавала Польшчы за рашучую падтрымку ў гэтым пытанні.