Прэм’ер Польшчы ўзначаліць Еўразвяз (абноўлена)
Еўразвяз абраў новых лідараў. Старшынём Еўрапейскай рады стане цяперашні прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, кіраўніком еўрапейскай дыпламатыі – міністар замежных справаў Італіі Федэрыка Магерыні.
Не ўсе беларускія апазіцыйныя палітыкі сыходзяцца ў меркаванні, што Дональд Туск актывізуе ўсходнюю палітыку Еўразвязу. Узаемаадносіны Туска з Крамлём будуць уплываць на палітыку Еўропы ды краінаў-удзельніц праграмы „Усходняга партнёрства”, – так пракаментаваў абранне новага прэзідэнта ЕЗ намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:
– Мяне гэта больш палохае. На маю думку, абраныя два чалавекі, якія больш адмоўна ставяцца да санкцыяў і станоўча ставяцца да Крамля, чым неабходна было б ставіцца. Туск, здаецца, і выступае за санкцыі, але яго выступленні вельмі асцярожныя. Прадстаўніца Італіі нават у адкрытую заяўляе ў падтрымку Крамля.
Рыгор Кастусёў адзначыў, што Партыя БНФ усё ж такі спадзяецца на тое, што Туск будзе прасоўваць беларускае пытанне ў Еўразвязе, аднак сур’ёзных зрухаў ва ўсходняй палітыцы ЕЗ ён не прагназуе.
* * *
Прэм’р-міністр Польшчы Дональд Туск стане новым кіраўніком Еўрапейскага звязу. Са снежня ён заменіць Германа ван Рампея на пасадзе старшыні Еўрапейскай рады. „Абранне Туска – невыпадковае. Еўрапейскі звяз усё больш увагі ўдзяляе стратэгіі фармавання ўсходняй палітыкі,” – мяркуе старшыня Руху „За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч:
– Дональд Туск – дасведчаны, паспяховы і ўплывовы палітык, тым больш з Польшчы, якая столькі ўвагі надавала заўсёды Беларусі, Украіне і іншым краінам Усходняга партнёрства. Безумоўна, гэта самы лепшы выбар. Абранне яго кіраўніком Еўрасавета – вельмі важны для нас знак. Думаю, не менш важны за стварэнне праграмы «Усходняга партнёрства». Гэта палітыка будзе доўгатэрміновай і, я маю надзею, больш паспяховай.
Новай кіраўніцай ейрапейскай дыпламатыі абраная Федэрыка Магерыні. Ёсць меркаванні, што яна занадта мякка ставілася да Расеі ў сувязі з украінскім крызісам. Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што такія рашэнні лідараў еўрапейскай супольнасці – мова кампрамісу:
– Тут таксама будзе баланс. Больш прыхільная да адмены санкцый кіраўніца замежнай дыпламатыі і Дональд Туск як кіраўнік Еўрасавета. Я думаю, тут таксама палітыкі ў Еўропе шукаюць пэўнага балансу. Але маю надзею, што палітыка будзе прынцыповай, палітыка мусіць даваць шанец Расеі на выхад з гэтага крызісу, які яна сама нарабіла.
У сваю чаргу Дональд Туск заявіў, што Еўразвяз павінен заняць смелую, але не радыкальную пазіцыю ў пытанні ўкраінскага канфлікту, а канчатковай мэтай павінна быць дасягненне міру.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
На саміце Еўрапейскага звязу ў Бруселі прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск быў абраны новым старшынём Еўрапейскай Рады.
Цяпер гэтую пасаду займае Герман ван Рампэй. Міністр замежных спраў Італіі Федэрыка Магерыні стала кіраўніцай знешнепалітычнага ведамства Еўразвязу, яна заменіць на гэтай пасадзе Кэтрын Эштан.
57-гадовы Дональд Туск з 2007 года ўзначальвае ўрад Польшчы. У пытанні крызісу ва Украіне ён з’яўляецца прыхільнікам ўзмацнення жорсткасці санкцый супраць Расеі.
Прызначэнне Туска на пасаду, на якой ён будзе ўзначальваць галоўныя палітычныя паседжанні лідараў Еўразвязу, называюць перамогай дзесяці былых «сацыялістычных» краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія ўступілі ў Еўразвяз за апошняе дзясяцігоддзе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота polska-kaliningrad.ru