Прэмію Леха Валенсы сёлета прысудзілі Еўрамайдану



Уручэнні прэміі адбудзецца ў Гданьску 29-га верасня, у дзень народзінаў Валенсы. Паводле капітулы прэміі, вырашана адзначыць „паслядоўнасць і рашучасць тысячы жыхароў Украіны, якія не зважаючы на рызыку, выказалі свае праеўрапейскія і прадэмакратычныя мары“.

Агулам прэмія прызначаецца асобам, установам і грамадскім рухам, якія працуюць на карысць міру, салідарнасці, дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і супрацы паміж народамі.

Адным з чальцоў капітулы прэміі з’яўляецца першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч:

Адзінагалосна правялі гэтае рашэнне. Чакаецца прыезд 10 намінантаў. Гэта зрабілася па прапанове прэс-клуба Польшчы… Ведаеце, папярэднія гады гэта прэмія ўручалася і Хадарскоўскаму, і жонцы Бяляцага для Бяляцкага. А ў гэтым годзе адзінагалосна падымаецца пытанне аб прызнанні прэміі Еўрамайдану, і ў гэтай сітуацыі іншыя намінанты нават не разглядаліся.

Прадстаўляць Еўрамайдан на ўручэнні прэміі, будуць мэр Кіева Віталь Клічко і вядомая ўкраінская журналістка Таццяна Чарнавол.

Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што гэта будзе апошняе ўручэнне прэміі Леха Валенсы ў такім фармаце, паколькі цяпер утвораная Дзяржаўная прэмія МЗС Польшчы імя Леха Валенсы, якую сёлета ўжо атрымаў лідар крымскататарскага народу – Мустафа Джэмілеў.

Яна Запольская. Беларуская Радыё Рацыя