Прэс-канферэнцыя “Права на абарону і адвакаты ва ўмовах крызісу правоў чалавека ў Беларусі”
Прэс-канферэнцыя “Права на абарону і адвакаты ва ўмовах крызісу правоў чалавека ў Беларусі” прайшла ў Менску. Яе арганізатарамі выступілі праваабаронцы – ПЦ “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт.
На фота: трымае мікрафон Аляксандр Пыльчанка, якога пазбавілі нядаўна адвакацкай ліцэнзіі
Кожны раз, калі абвастраецца палітычна матываны ціск на грамадзян, то адной з пераследуемых груп становяцца і адвакаты, якія іх бароняць. Каментуе юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка:
– Гэта было ў 2010-2011 гадах, калі каля 10 адвакатаў былі пазбаўлены магчымасці практыкаваць у сувязі з тым, што яны ажыццяўлялі абарону кандыдатаў у прэзідэнты і членаў іх штабоў. Гэта было ў 2017 годзе, калі пасля грамадскіх пратэстаў, звязаных з прыняццем т.зв. Дэкрэта аб дармаедстве, пачалі аказваць ціск на абаронцаў абвінавачаных па “справе патрыётаў”.
І зараз, пасля апошніх выбараў, ціск на адвакатаў таксама ўзмацняецца. Але для таго, каб казаць пра складаныя ўмовы адвакацкай дзейнасці, абсалютна не абавязкова, каб пераслед ажыццяўляўся ў дачыненні да дзясяткаў ці сотняў адвакатаў, лічыць адвакат Дзмітрый Лаеўскі:
– Сам факт знаходжання аднаго, напрыклад, Максіма Знака пад вартай у следчым ізалятары—гэта дастаткова, каб казаць, што ёсць ціск. Таму што кожны адвакат можа прымяраць гэта на сябе.
Акрамя гэтага, адвакатам перашкаджаюць у іх працы. Часта яны не могуць хутка даведацца пра затрыманне свайго падабароннага, а таксама адшукаць яго ў РУУСах, ізалятарах часовага ўтрымання і судах, каб аказаць дапамогу.
На фота: старшыня БХК Алег Гулак, адвакаты Дзмітрый Лаеўскі і Сяргей Зікрацкі
Беларускае Радыё Рацыя, Менск