Прэс-канферэнцыя, прысвечаная папярэднім вынікам назірання за выбарамі
Надыходзячыя выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу выклікаюць у назіральнікаў заклапочанасць. Дзейныя дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая не прайшлі рэгістрацыю праз “няправільна сабраныя” подпісы. Палітычныя партыі Беларусі праяўляюць малую актыўнасць пры фармаванні тэрытарыяльных выбарчых камісій. На гэтым фоне асноўнымі “гульцамі” выбараў і пастаўшчыкамі чальцоў выбарчых камісій выступае “пяцёрка” буйных прадзяржаўных грамадскіх арганізацый: БРСМ, “Белая Русь”, “Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі”, “Беларускі фонд міра” і “Беларускі саюз жанчын”. Вынікі мерапрыемстваў выбарчай кампаніі лёгка прагназуюцца, але абскардзіць іх у вышэйшых і судовых інстанцыях немажліва.
Такія высновы сёння прадставілі каардынатары незалежнай грамадскай аналітычнай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”: Алег Гулак з Беларускага Хельсінкскага камітэта і Уладзімір Лабковіч з Праваабарончага цэнтра “Вясна”. У выніку прэзентацыі выбаркі з выяўленых парушэнняў выкрышталізавалася карціна ідэальных выбараў у Беларусі, якую прадставіў Уладзімір Лабковіч:
– Ідэальнымі выбарамі ў Беларусі будуць тыя, якія прызнае прайграўшы бок. Вось тады, калі прайграўшы бок скажа: так, мы прызнаем сваю паразу, і выбары былі сумленныя і справядлівыя, значыць у Беларусі пачаліся ідэальныя выбары. І ніхто не будзе сядзець і турмах і ўсе, хто жадае, змогуць удзельнічаць у выбарах. Я ўпэўнены, што такое калі-небудзь будзе.
Падчас прэс-канферэнцыі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” неаднаразова падкрэслівалася роля грамадства і Канстытуцыйнага суда ў паляпшэнні выбарчай сітуацыі. Актуальнымі застаюцца пытанні правядзення празрыстых выбараў у Беларусі, своечасовыя змяненні выбарчага заканадаўства ў рэспубліцы, адсочванне працы выбарчых камісій і падвышэнне даверу грамадства да выбараў.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск