Супольная прэс-канферэнцыя штабоў Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы



Штаб кандыдаткі ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай 17 ліпеня дала супольную прэс-канферэнцыю разам з ініцыятыўнымі групамі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, якім адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі.

 „У свеце ёсць шмат прыкладаў таго, калі менавіта аб`яднанымі намаганнямі ўдаецца змяніць рэжым або змагацца з тым, з чым народ не згодны”, — заявіла прадстаўнік штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава 17 ліпеня на сумеснай прэс-канферэнцыі з кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай і прадстаўніком штаба Валерыя Цапкалы.

„Мне падаецца, зараз як раз такі ўнікальны час, калі мы можам нешта змяніць, — сказала Калеснікава. — Мы будзем вельмі ганарыцца за сябе, што, нягледзячы на такі працяглы дыктатарскі рэжым, мы здолелі гэта змяніць”.

«Галоўны вораг сёння — не рэжым, а нявер’е ў тое, што нешта можа атрымаццца», — зазначыла Калеснікава.

У сваю чаргу Ціханоўская заявіла: „Вы ўсе ведаеце, чаму я апынулася на гэтым месцы — з-за кахання. З-за кахання да свайго мужа. Таму вырашыла працягнуць справу, якую ён лічыў важнай. Люблю беларусаў”.

belapan.by