Прэс-сакратар КР не выключае спробы яе афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі
Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу (КР) можа найбліжэйшым часам распачаць спробу афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі, нягледзячы на распачынанне ў дачыненні да яго членаў новых крымінальных спраў. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар КР Антон Раднянкоў, які знаходзіцца за мяжой, падчас відэастрыму вечарам 28 снежня.
„Дыскусіі ўнутры КР аб афіцыйнай рэгістрацыі або аб падачы дакументаў на рэгістрацыю шлі ад самага моманту стварэння [рады]. У цэлым мы не выключаем: магчыма, найбліжэйшым часам мы паспрабуем, здзейснім чарговыя спробы зарэгістраваць, — сказаў Раднянкоў. — Тут пытанне ў правільнай форме: будзе гэта грамадскае аб’яднанне або ўстанова. Але мы, натуральна, хочам працаваць у прававым полі”.
Паводле яго слоў, жаданне працаваць у краіне легальна ў членаў прэзідыума КР існавала заўсёды, але ўлады гэтага баяцца, менавіта таму і заводзіліся крымінальныя справы.
Раней Генеральная пракуратура распачала крымінальныя справы „па фактах стварэння экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім, фінансавання яго дзейнасці з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”. Інфармацыю пра гэта прэс-служба ГП распаўсюдзіла 21 снежня.
Беларускае Радыё Рацыя