Прэс-сакратар Пуціна: Масква не была і не будзе бокам канфлікту ў Данбасе
Масква ніколі не была і не будзе бокам канфлікту ў Данбасе, заявіў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, каментуючы сённяшнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі.
Выступаючы 8 кастрычніка на форуме „Менскага дыялогу” „Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані”, Лукашэнка адзначыў, што канфлікт ва Украіне вельмі складана будзе вырашыць без „галоўных дзейных гульцоў”. Паводле яго слоў, Беларусь не рвецца ні ў пасрэднікі, ні ў міратворцы. „І не называйце гэта так. Ніколі мы так не ставілі пытанне. Мы гатовыя як блізкія і родныя людзі, калі Украіна і Расея дамовяцца, сыграць тую ролю, якая імі будзе вызначана нам. Калі двое братоў б’юцца, логіка, вы ж разумееце, заўсёды падключаўся трэці, заўсёды так было. Мы з гэтага сыходзім. І не трэба толькі пасля мяне тут казаць, што гэта не канфлікт Расеі і Украіны, — падкрэсліў Лукашэнка. — Вось, ведаеце, тут дасведчаныя людзі, і гэтыя заявы нікому не патрэбныя. Так, не трэба ігнараваць сёння кіраўнікоў непрызнаных ЛНР і ДНР. Так, непрызнаныя, але яны ёсць, іх таксама пазбягаць нельга. Але гэта пытанне дамоўленасцяў. Галоўнае, каб галоўныя бакі ўвязаліся ў разгляд гэтага канфлікту і прымалі рашэнні. Тады будзе месца і ЛНР, і ДНР, і будуць зрухі — і 400 км мяжы, і правядзенне там выбараў, і стварэння нейкай міліцыі, і гэтак далей, і да таго падобнае”.
Каментуючы гэтыя выказванні, Пяскоў заявіў: „Тут можна толькі не пагадзіцца з ацэнкай, таму што канфлікт на Данбасе з’яўляецца ўнутрыўкраінскім канфліктам. Расея ніякім чынам не з’яўлялася, не з’яўляецца і не будзе з’яўляцца бокам гэтага канфлікту”. Ён таксама адзначыў, што не трэба шукаць падыходаў у гэтым пытанні — значна важней, хто гатовы выканаць абавязацельствы. „Трэба дапамагчы Украіне справіцца з гэтай жыццёва важнай для яе праблемай — праблемай паўднёвага ўсходу, дапамагчы Украіне вырашыць гэтую праблему”, — цытуе прэс-сакратара Пуціна gazeta.ru.