Прэс-сакратар Пуціна: Расея працягне энергетычны дыялог з Беларуссю



Расея працягне энергетычны дыялог з Беларуссю, нягледзячы на тое, што часам эмоцыі бяруць верх у выказваннях Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта, як паведамляе ТАСС, заявіў 17 лютага журналістам прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

„Дыялог будзе працягвацца, тым больш што казалі пра тое, што працягнуцца кантакты беларускіх калег непасрэдна з кампаніямі — пастаўшчыкамі нафты”, — сказаў Пяскоў.

Ён не стаў каментаваць заяву Лукашэнкі аб тым, што, калі Расея ў лютым не паставіць у Беларусь нафту ў патрэбных аб’ёмах, Менск пачне адбор з транзітнай трубы. „Там часам сапраўды эмоцыі бяруць верх, — сказаў Пяскоў. — Але, будучы ў Сочы, два прэзідэнты дасягнулі пэўнага разумення, вось з гэтага мы і будзем зыходзіць”.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна адзначыў, што была дасягнутая дамоўленасць працягваць дыялог на ўзроўні віцэ-прэм’ераў Беларусі і Расеі, што курыруюць энергетычныя пытанні. „Кіраўнікі дзяржаў вырашылі, што на ўзроўні кабінетаў, членаў кабінетаў, якія курыруюць пытанні двухбаковай інтэграцыі, будуць якраз займацца далей прапрацоўкай тэмы паставак энергарэсурсаў”, — сказаў Пяскоў.

Як раней паведамляў БелаПАН, 14 лютага падчас наведвання Светлагорскага ЦКК (Гомельская вобласць) Лукашэнка заявіў, што Беларусь пачне адбор транзітнай расейскай нафты з нафтаправода „Дружба”, калі Расея ў лютым не паставіць нафту ў патрэбных аб’ёмах.

„Праз Беларусь на Захад і для Беларусі прапампоўваецца 70 млн тон нафты. І яны не маюць ніякіх праблем. Загадзілі бруднай нафтай — дагэтуль не разлічыліся за гэта, хоць у нас выйшла са строю абсталяванне ў Мазыры, Наваполацк пацярпеў і нафтаправод „Дружба”. Таму калі не паставяць у лютым, будзем да 2 млн тон дабіраць”, — папярэдзіў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што Беларусь працягне дыверсіфікаваць закупкі. „Кажуць, вось, Лукашэнка ўмее лічыць, ён на гэта не пойдзе, ён не будзе купляць нарвежскую, амерыканскую, саудаўскую, азербайджанскую або венесуэльскую нафту. Буду, нават калі будзе даражэй. Мне Пуцін задае пытанне: „Слухай, Саша, а навошта ты даражэй будзеш купляць?” Я кажу: „Каб кожны год 31 снежня а 12-й гадзіне ночы не стаяць перад табой на каленях”. Вось абсалютна дакладны быў адказ. „Ну, слухай, ну мы ж сябры. Хто перад кім стаіць?” Я кажу: „Я стаю”, — раскрыў беларускі кіраўнік падрабязнасці перамоў з прэзідэнтам Расіі.

У снежні 2019 года Беларусь і Расея ўзгаднілі індыкатыўны баланс паставак нафты, у адпаведнасці з якім у 2020 годзе Беларусь павінна атрымаць 24 млн тон расійскай нафты.

Расейская кампанія „Транснефць” у 2020 годзе плануе паставіць на беларускія НПЗ 23,5 млн тон нафты (у адпаведнасці з індыкатыўным балансам), вынікае з паведамлення на сайце кампаніі.

Экспартныя пастаўкі па магістральным нафтаправодзе „Дружба” на гэты год запланаваныя ў 50 млн тон.

У 2019 годзе на экспарт па трубаправодзе „Дружба” было пастаўлена 42,3 млн тон нафты (у 2018-м — 48,9 млн тон): у Германію — 16,1 млн тон (20,6 млн), Польшчу — 13,1 млн (15 млн), Чэхію — 3,8 млн (4 млн), Славакію — 5 млн (5,2 млн), Венгрыю — 4,3 млн (4,1 млн).

Расейскія кампаніі з 1 студзеня спынілі пастаўку нафты ў Беларусь з-за адсутнасці кантрактаў на 2020 год.

belapan.by

Фота Газета.Ру