Прэзідэнт Аўстрыі лічыць сітуацыю з самалётам Ryanair „дзяржаўным угонам”
Прэзідэнты Аўстрыі Аляксандэр Ван дэр Белен і Эстоніі Керсці Кальюлайд на сумеснай прэс-канферэнцыі па выніках перамоў 26 траўня ў Вене раскрытыкавалі прымусовую пасадку ў Менску самалёта Ryanair і затрыманне Рамана Пратасевіча з сяброўкай Сафіяй Сапегай.
Сітуацыю з ірландскім самалётам Ван дэр Белен назваў „дзяржаўным угонам”, паведамляе прэс-служба палітыка.
„Само сабой зразумела, што мы патрабуем неадкладна вызваліць абодвух, а таксама ўсіх астатніх зняволеных”, — сказаў прэзідэнт. Паводле яго слоў, для выканання гэтага патрабавання неабходна задзейнічаць міжнародныя пляцоўкі, у тым ліку ААН.
Ван дэр Белен адзначыў, што раней Аўстрыя імкнулася быць пасрэднікам паміж Аляксандрам Лукашэнкам і апазіцыяй і паспрабуе быць такім і ў далейшым. Пры гэтым, на яго думку, аб развіцці сітуацыі ў Беларусі трэба гаварыць і з Расеяй. У той жа час аўстрыйскі прэзідэнт выказаў шкадаванне, што ў апошнія гады адносіны ЕЗ і РФ пагоршыліся.
Керсці Кальюлайд назвала пасадку самалёта „шакуючым актам дзяржаўнага тэрарызму” і заклікала да далейшых санкцый у дачыненні да афіцыйнага Менска. Яна заявіла аб гатоўнасці працягнуць падтрымку беларускай апазіцыі.
Ван дэр Белен двойчы сустракаўся з Лукашэнкам: у чэрвені 2018 года, калі прыязджаў на адкрыццё мемарыяла ахвярам Другой сусветнай вайны „Трасцянец”, і ў лістападзе 2019 года, калі беларускі кіраўнік наведваў Аўстрыю з афіцыйным візітам. Пасля другой сустрэчы Ван дэр Белен напісаў у „Фэйсбуку”: „Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў гасцях у Вене. Гэта першы афіцыйны візіт у краіну ЕЗ з пачатку асцярожнага збліжэння Беларусі і Еўрапейскага саюза. Аўстрыя апраўдала сябе як месца дыялогу — таксама на тэмы, па якіх не заўсёды ёсць адзіная думка. Цэнтральнай тэмай маіх сённяшніх перамоў з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго дэлегацыяй былі правы чалавека. Важнае патрабаванне Аўстрыі і ЕЗ — адмена смяротнага пакарання ў Беларусі. Агульная Еўропа магчымая толькі без смяротнага пакарання”.