Прэзідэнт Балгарыі наклаў вета на адпраўку бронетранспарцёраў Украіне
Прэзідэнт Балгарыі Румэн Радзеў наклаў вета на ўхваленую раней пастаўку бронетэхнікі ва Украіну. Яшчэ 22 лістапада парламент краіны ратыфікаваў пагадненне аб бясплатнай адпраўцы 100 балгарскіх БТР ва Украіну. Дакумент аб перадачы быў падпісаны МУС Баўгарыі і Мінабароны Украіны ў жніўні. За ратыфікацыю прагаласавала большасць парламенцкіх фракцый, супраць былі толькі сацыялісты і прарасейская партыя “Адраджэнне”.
Бронетранспарцёрам, якія планавалася перадаць, каля 40 гадоў, іх выкарыстоўвалі балгарскія сілы правапарадку яшчэ ў канцы 1980-х гадоў падчас кампаніі па гвалтоўным перасяленні турэцкага насельніцтва краіны. У МУС называюць іх састарэлымі. Прэзідэнт Радзеў, аднак, абгрунтаваў сваё вета тым, што бронетэхніка магла б знайсці ўжыванне ў Балгарыі — напрыклад, пры ахове мяжы або пры барацьбе са стыхійнымі бедствамі. (Радыё Свабода)