Прэзідэнт Чэхіі Зэман сустрэўся з Ціханоўскай



Прэзідэнт Чэхіі Мілаш Зэман 8 чэрвеня правёў сустрэчу з беларускай дэмакратычнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, Зэман пачаў сустрэчу са слоў захаплення і падтрымкі беларусам, якія змагаюцца за сваю свабоду. „Прэзідэнт Чэхіі адзначыў, што Беларусь — гэта адзінае пытанне, якое аб’ядноўвае ўсе палітычныя сілы Чэхіі, і выказаў гатоўнасць дапамагаць. Ён згодны з тым, што ізаляцыя рэжыму і ціск праз санкцыі ЕЗ могуць дапамагчы вызваліць палітвязняў і спыніць гвалт”, — гаворыцца ў паведамленні.

Зэман і Ціханоўская абмеркавалі сітуацыю з самалётам Ryanair, затрыманнем Рамана Пратасевіча і масіраванай атакай на беларускія незалежныя СМІ. Гаворка таксама ішла пра неабходнасць падтрымкі грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя і беларускай дыяспары. Акрамя таго, абмяркоўвалася магчымасць увядзення візавых санкцый для прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі, якія закранулі б тысячы чалавек.

Таксама Ціханоўская распавяла Зэману пра лёс палітвязня Мікалая Статкевіча, якога ён наведваў у Менску ў 2002 годзе.

„Мы ўдзячныя Чэхіі і ўсёй міжнароднай супольнасці за падтрымку беларускага народа ў яго барацьбе за дэмакратыю, але цалкам усведамляем, што гэта перш за ўсё задача саміх беларусаў”, — падкрэсліла беларуская дэмакратычная лідарка.

Падчас візіту ў Прагу яшчэ маюць адбыцца сустрэчы Святланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністрам, міністрам замежных спраў і спікерам ніжняй палаты парламента Чэхіі.

belapan.by