Прэзідэнт Егіпта наведае Беларусь у чэрвені



Прэзідэнт Егіпта Абдул-Фатах Халіл Ас-Сісі мае намер наведаць Беларусь у чэрвені, паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка 2 красавіка падчас выступлення, якое адкрыла вясновую сесію парламента.

Паводле слоў Андрэйчанкі, у 2018 годзе ўлады Беларусі „практычна здзейснілі прарыў у беларуска-егіпецкіх парламенцкіх адносінах”. „У чэрвені гэтага года чакаецца афіцыйны візіт у Менск прэзідэнта Егіпта. Плануецца, што ён выступіць перад беларускімі парламентарыямі з прамовай. Гэта будзе першы выступ кіраўніка замежнай дзяржавы ў Авальнай зале”, — падкрэсліў ён.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Егіптам былі ўсталяваныя 1 лютага 1992 года. У чэрвені 1998 года і студзені 2017-га адбыліся афіцыйныя візіты ў Егіпет Аляксандра Лукашэнкі. У верасні 2015 года беларускі кіраўнік сустрэўся з прэзідэнтам Егіпта ў межах 70-й сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.

У снежні 2014 года і лютым 2017-га адбыўся абмен пасланнямі паміж міністрамі замежных спраў Беларусі і Егіпта. У лютым 2015 і 2017 гадоў прайшлі сустрэчы міністраў у рамках Мюнхенскай міжнароднай канферэнцыі па бяспецы.

Дагаворна-прававая база двухбаковых адносін Беларусі і Егіпта ўключае 45 міжнародных дагавораў.

belapan.by