Прэзідэнт Егіпта паказаў Лукашэнку новую адміністрацыйную сталіцу



Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 лютага разам з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі азнаёміўся з ходам будаўніцтва новай адміністрацыйнай сталіцы Егіпта, якая ўзводзіцца за 45 км на ўсход ад Каіра.

Знаёмства беларускага лідара з Новым Каірам, як ахрысцілі горад у народзе, пачалося з самай раніцы. Абдэль Фатах ас-Сісі сустрэў Аляксандра Лукашэнку каля комплексу Al Masa Capital, на тэрыторыі якога знаходзіцца буйнейшы ў Афрыцы кангрэс-цэнтр, 14 прэзідэнцкіх віл, 60 гасцінічных апартаментаў і фешэнебельны атэль Al Masa Royal Palace.

У гэтыя дні тут праходзіць першае пасяджэнне Беларуска-егіпецкага савета дзелавой супрацы і выстаўка сумесных навукова-тэхнічных праектаў, перспектыўных навуковых распрацовак, высокатэхналагічнай прадукцыі і буйнагабарытнай тэхнікі МТЗ, МАЗ, „Амкадора”, „Бабруйскаграмаша”, Мінскага маторнага завода.

Пасля паўгадзіннай размовы кіраўнікі дзяржаў абмяняліся падарункамі і паехалі аглядаць аб’екты новай адміністрацыйнай сталіцы. Канцэпцыя гэтага маштабнага праекта была прадстаўлена некалькі гадоў таму. Егіпецкія ўлады распрацавалі яго, каб вырашыць праблему перанаселенасці Каіра: паводле прагнозных ацэнак, насельніцтва горада да 2050 года можа дасягнуць 40 млн. Цяпер у Каіры пражывае амаль 10 млн чалавек, у агламерацыі – больш за 20 млн.

Як расказалі кіраўніку беларускай дзяржавы, праект рэалізуецца па прынцыпе „разумны горад будучага”. У новай сталіцы створаць адміністрацыйны і фінансавы цэнтры Егіпта. Тут размесцяцца асноўныя дзяржаўныя ўстановы, пасольствы, прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый і замежных кампаній. У горадзе пабудуюць больш за 20 жылых раёнаў на 6,5 млн чалавек, вялікі парк і штучныя азёры, каля 2 тыс. устаноў адукацыі і вялікі тэхнапарк, больш за 600 бальніц і медцэнтраў, новы міжнародны аэрапорт і скорасную чыгунку да Каіра.

Перш за ўсё прэзідэнты наведалі горад культуры і мастацтваў. Тут будуецца бібліятэка, некалькі тэатраў, выставачныя залы, музеі і галерэі, а таксама кафэ і рэстараны. Адкрыццё горада павінна супасці з пераездам у новую адміністрацыйную сталіцу органаў дзяржаўнай улады ў 2020-2021 гадах.

Перад ад’ездам у аэрапорт Аляксандр Лукашэнка і Абдэль Фатах ас-Сісі вярнуліся да комплексу Al Masa Capital, каб азнаёміцца з выстаўкай сумесных навукова-тэхнічных праектаў. Прэзідэнта Егіпта пазнаёмілі з беларускімі распрацоўкамі ў ваеннай, медыцынскай, прамысловай і машынабудаўнічай галінах. Затым кіраўнікі дзяржаў наведалі экспазіцыю з прадукцыяй беларуска-егіпецкай вытворчасці: грузавікамі МАЗ, трактарамі МТЗ, тэхнікай „Амкадора”, „Бабруйскаграмаша” і Мінскага маторнага завода.

belta.by