Прэзідэнт ЕНП выступіў у падтрымку Марыны Золатавай
Прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль ад імя партыі зрабіў заяву ў падтрымку Марыны Золатавай напярэдадні суда.
„Еўрапейская народная партыя падтрымлівае галоўнага рэдактара tut.by Марыну Золатаву напярэдадні суда 12 лютага ў Беларусі. ЕНП заклікае ўлады забяспечыць справядлівы і незалежны суд, павагу да свабоды прэсы і свабоды слова, дазволіць прэсе дзейнічаць свабодна падчас працэсу”, — заявіў Жазэф Доль у Twitter.
У сваю чаргу сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „БХД” Віталь Рымашэўскі падкрэслівае, што суд над Золатавай — гэта працэс над усёй незалежнай прэсай краіны. „Самае галоўнае пытанне ў палітычным парадку дня Беларусі — ці здолеем абараніць Марыну Золатаву, адстаяць найбуйнейшы незалежны партал tut.by. Гэта судовы працэс не толькі над Марынай, але над усёй незалежнай прэсай, над магчымасцю свабоды слова ў Беларусі. Зыход справы вызначыць будучыню нашай краіны на бліжэйшыя гады. Разам з нашымі партнёрамі з Еўрапейскай народнай партыі мы будзем сачыць за ходам працэсу і зробім усё магчымае дзеля таго, каб абараніць Марыну, абараніць свабоду прэсы і свабоду слова”,— адзначыў сустаршыня БХД.
Золатава засталася адзінай абвінавачванай па „справе БелТА”, астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаны кампенсаваць выстаўленую шкоду. Сумы — ад 3 тыс. да 17 тыс. рублёў.
Золатаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Фота AnalitikaUA