Прэзідэнт Эстоніі: Краіны Балтыі адзіныя ў ацэнцы падзей у Беларусі
Прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд правяла 20 жніўня сустрэчу з прэм’ер-міністрам Юры Ратасам, міністрам абароны Юры Луйкам і міністрам замежных спраў Урмасам Рэйнсалу, каб абмеркаваць апошнія падзеі ў Беларусі, а таксама далейшыя дзеянні Эстоніі.
„Наша мэта — даць магчымасць беларускаму народу самому вырашаць сваю будучыню. Асабліва сёння дарэчы ўспомніць пра гэта тут, у Эстоніі”, — прыводзіць прэс-служба прэзідэнта Эстоніі яе словы пасля заканчэння сустрэчы.
„Эстонія дагэтуль адэкватна рэагавала на падзеі. Нашы погляды былі выразнымі, цвёрдымі і своечасовымі. Выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, і таму мы іх не прызнаем”, — дапоўніла Кальюлайд.
Паводле яе слоў, адзінства дэмакратычных дзяржаў і каардынацыя рэакцый таксама важныя для далейшага развіцця падзей. „У гэтых пытаннях краіны Балтыі адзіныя. Знаходзячыся ў непасрэднай блізкасці ад Беларусі, гэта надзвычай важны сігнал для яе жыхароў. Характэрная і ўчарашняя пазіцыя прэзідэнта Еўрапейскага савета Шарля Мішэля. Каардынацыя таксама важная для вызначэння далейшых крокаў Еўропы, магчымых санкцый і забеспячэння іх эфектыўнасці”, — сказала кіраўнік дзяржавы.