Прэзідэнт Эстоніі выказаўся за працяг ціску на Менск
Прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс выказаўся за працяг ціску на „рэжым Лукашэнкі” і расцаніў выкарыстанне мігрантаў у палітычных мэтах як пагрозу новага тыпу.

„На жаль, відавочна, што арганізацыя міграцыйнага ціску і выкарыстанне яго ў якасці палітычнай зброі – гэта пагроза новага тыпу, з якой мы павінны змагацца”, – сказаў ён у чацвер на сустрэчы ў Бруселі з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі Маргарыцісам Схінасам.
Карыс абмеркаваў са Схінасам урэгуляванне крызісу, „выкліканага міграцыйным ціскам і каардынаваным рэжымам Лукашэнкі, і палічыў важнай рэалізацыю санкцый, уведзеных Еўразвязам у якасці дакладнага адказу на гібрыдную сітуацыю”, – зазначае прэс-служба эстонскага прэзідэнта.
Паводле слоў Карыса, рэжым Лукашэнкі, здаецца, зацікаўлены ў працяглым крызісе. „Мы павінны працягваць аказваць ціск на Лукашэнку, каб ён разабраўся з мігрантамі, дазволіў ім падаць заяву аб прадастаўленні прытулку ў Беларусі або вярнуцца дадому, а таксама забяспечыць доступ да гуманітарнай дапамогі для тых, хто мае ў ёй патрэбу, асабліва ў сувязі з надыходзячымі зімовымі халадамі”, – сказаў прэзідэнт Эстоніі.
Беларускае Радыё Рацыя
