Прэзідэнт Францыі паабяцаў падняць заробкі і знізіць падаткі



Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон паабяцаў падвысіць у краіне мінімальны заробак і таксама панізіць некаторыя падаткі і зборы. З такой заявай ён выступіў па тэлебачанні ўвечары 10 снежня, перадае ВВС

Ён прызнаў, што ў краіне склалася надзвычайная сітуацыя ў эканоміцы і сацыяльнай сферы.

Выступ Макрона адбыўся пасля некалькіх тыдняў масавых пратэстаў, якія нярэдка суправаджаліся гвалтам. Дэманстранты пратэставалі супраць падвышэння падаткаў на бензін і росту коштаў.

Макрон паабяцаў, што мінімальны заробак у Францыі, пачынаючы з 2019 года, павялічыцца на 100 еўра ў месяц. Таксама ён паведаміў, што запланаванае падвышэнне падаткаў маламаёмасных пенсіянераў будзе адмененае, звышурочныя не будуць абкладацца падаткам. Акрамя таго, працадаўцаў будуць стымуляваць да выплаты супрацоўнікам прэміяў напрыканцы кожнага года, прычым гэтыя прэміі таксама не будуць абкладацца падаткам.

Разам з тым прэзідэнт Францыі адмовіўся падвысіць падаткі для багатых, каб не аслабіць эканоміку краіны.

Фота: Reuters