Прэзідэнт Германіі і Папа Рымскі назвалі паводзіны уладаў Беларусі безадказнымі
Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер і Папа Францішак абмеркавалі сітуацыю з міграцыяй на мяжы Беларусі і ЕЗ у ходзе візіту Штайнмаера ў Ватыкан 25 кастрычніка, паведамляе reform.by.
Паводле слоў Штайнмаера, Папа занепакоены міграцыйным ціскам на Усходнюю Еўропу.
«Вядома, зараз мы з некаторым непакоем назіраем за тым, што адбываецца на беларуска-літоўскай і беларуска-польскай граніцах, і Папа спытаў, як гэта цяпер ўплывае на колькасць уездаў у Германію. Я расказаў яму ўсё, што нам вядома пра бягучае становішча спраў. Мы абодва пагадзіліся, што практыка, падобная да той, якую цяпер выкарыстоўваюць беларускія ўлады, без якой-небудзь адказнасці за людзей, якіх любымі спосабамі забіраюць з Блізкага Усходу, дастаўляюць самалётамі ў Менск, а потым адпраўляюць у бок межаў, з’яўляецца безадказнымі паводзінамі, якія ні ў якім разе нельга ўхваліць», — цытуе Штайнмаера «Vatican News».