Прэзідэнт Германіі і Ціханоўская абмеркавалі міграцыйны крызіс
Міграцыйны крызіс і барацьбу з каронавірусам COVID-19 абмеркавалі 11 лістапада ў Берліне прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер і беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.
Паводле звестак прэс-службы Ціханоўскай, суразмоўца пагадзіўся з тым, што нельга разглядаць крызіс на мяжы асобна ад унутрыбеларускага.
Германія, адзначаецца ў рэлізе, гатовая дапамагаць Беларусі ў пераадоленні пандэміі і пастаўляць еўрапейскія вакцыны.
Акрамя таго, Штайнмаер пагадзіўся падтрымаць дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі 27 лістапада. Ціханоўская пакінула запіс у гасцявой кнізе прэзідэнта і падзякавала за „падтрымку і салідарнасць у такія гістарычныя часы для нашай краіны”.
Улады Беларусі, прызнаючы, што мігранты спрабуюць прабіцца на Захад, праз тэрыторыю краіны, вінавацяць у гэтым Еўрасаюз.
Наконт заходніх вакцын Аляксандр Лукашэнка раней заявіў, што яны патрэбныя беларускім апазіцыянерам, каб выехаць з кавідным пашпартам на Захад. „Нам падкідваюць вось гэтыя „оппы” (апазіцыянеры. — БелаПАН.) ідэю: завязі Pfizer, няхай будзе, Johnson&Johnson, Moderna і іншае. Для чаго? Каб яны маглі прышчапіцца, атрымаць пашпарт і ехаць туды да сваіх — атрымліваць інструкцыі. Каб выехаць на Захад, вось для чаго ім трэба. Едзьце туды і там вакцынуйцеся”, — сказаў Лукашэнка 26 кастрычніка падчас наведвання бальніцы ў Лідзе (Гарадзенская вобласць).
Паводле яго слоў, расейскія вакцыны „Спадарожнік V”, „Спадарожнік Лайт” і кітайская вытворчасці карпарацыі Sinopharm, якія сёння выкарыстоўваюцца ў Беларусі, паказалі сябе значна лепш, таму краіна іх закупляе.
Фота: t.me/tsikhanouskaya