Прэзідэнт Грузіі плануе наведаць Беларусь



1—2 сакавіка чакаецца візіт у Беларусь прэзідэнта Грузіі Георгія Маргвелашвілі.

Падрыхтоўка да візіту і яго тэрміны абмяркоўваліся на беларуска-грузінскіх кансультацыях паміж МЗС у Тбілісі 6 лютага.

Праграма візіту пакуль не апублікаваная. Вядома толькі, што 2 сакавіка ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі плануецца сустрэча Георгія Маргвелашвілі са старшынямі абедзвюх палат беларускага парламента Уладзімірам Андрэйчанкам і Міхаілам Мясніковічам — пра гэта БелаПАН паведамілі ў Палаце прадстаўнікоў.

23 лютага ў інтэрв’ю праграме „Буйным планам” на тэлеканале „Беларусь 1” Маргвелашвілі заявіў, што „вельмі актыўна рыхтуецца” да паездкі ў Беларусь. Паводле яго слоў, новы імпульс узаемаадносінам дзвюх краін надаў візіт прэзідэнта Беларусі ў Грузію ў красавіку 2015 года. „Тая адкрытасць, якая ёсць у Аляксандра Рыгоравіча, тая канцэнтрацыя на канкрэтныя пытанні, якія мы вырашаем на карысць народаў, актывізавалі адносіны паміж нашымі краінамі на ўзроўні міжурадавых структур і на ўзроўні двухбаковых адносін. Акрамя гэтага, пачаліся больш актыўныя і бізнес-працэсы”, — сказаў Маргвелашвілі.

На яго думку, у Беларусі і Грузіі ёсць усе магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва. „Калі мы паглядзім на наш тавараабарот, Беларусь — адзінаццаты па велічыні партнёр Грузіі. Я ўпэўнены, што гэтую лічбу мы зможам палепшыць і павысіць. Паглыбленне адносін паміж нашымі дзяржавамі будзе стымуляваць і бізнес”, — заявіў Маргвелашвілі.

belapan.by