Прэзідэнт Ісландыі заявіў пра падтрымку беларускага народа



Святлана Ціханоўская здзейсніла працоўны візіт у Ісландыю. Галоўная тэма ўсіх сустрэч – як Ісландыя можа дапамагчы незалежным медыя, рабочым, лекарам і ўсёй грамадзянскай супольнасці Беларусі ва ўмовах, калі рэжым рэагуе на санкцыі узмацненнем рэпрэсій над людзьмі.

Ісландыя падтрымлівае беларускі народ у яго патрабаваннях дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека, заявіў прэзідэнт краіны Гвюдні Ёўханесан, які правёў у Рэйк’явіку перамовы з беларускай дэмакратычнай лідаркай.

Акрамя гэтага на сваёй старонцы ў „Твітэры” Ёўханесан адзначыў, што разам з жонкай прысутнічаў на лекцыі Ціханоўскай ва ўніверсітэце Рэйк’явіка і высока ацаніў яе інфарматыўнасць.

Міністр замежных спраў Ісландыі Гудлёйгур Тор Тордарсан заявіў у „Твітэры”, што адвага і нястомная праца Ціханоўскай у імя прагрэсу ў Беларусі з’яўляюцца крыніцай натхнення.

„Мы заклікаем Лукашэнку вызваліць палітвязняў, спыніць рэпрэсіі і гвалт і паважаць імкненне беларускага народа да свабодных і справядлівых выбараў”, — напісаў кіраўнік ісландскай дыпламатыі.

Міністр замежных спраў Ісландыі „папрасіў у Ціханоўскай спіс канкрэтных дзеянняў, якія Ісландыя можа зрабіць для беларусаў. Ён заявіў, што будзе ўздымаць пытанне Беларусі ў АБСЕ і Паўночна-Балтыйскай васьмёрцы (NB8), куды ўваходзяць Швецыя, Фінляндыя, Нарвегія, Ісландыя, Данія, Эстонія, Латвія і Літва.

Таксама прэзідэнт Ісландыі разам з Ціханоўскай сустрэліся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: t.me/tsikhanouskaya