Прэзідэнт Казахстана ўзнагародзіў Лукашэнку ордэнам Назарбаева
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў узнагародзіў Аляксандра Лукашэнку ордэнам „Першы прэзідэнт Рэспублікі Казахстан — лідар нацыі Нурсултан Назарбаеў”. Адпаведны ўказ быў падпісаны 27 мая.
Ва ўказе, апублікаваным на афіцыйным сайце прэзідэнта Казахстана, адзначаецца, што ўзнагарода ўручаная ў гонар „25-годдзя ідэі аб еўразійскай інтэграцыі і 5-годдзя падпісання Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, а таксама за асаблівы ўнёсак у паглыбленне і пашырэнне супрацы з Рэспублікай Казахстан”.
Акрамя Лукашэнкі гэтым жа ордэнам узнагароджаны прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і прэзідэнт Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, сустрэча Лукашэнкі з Такаевым адбылася 28 мая ў Нур-Султане.
„Што да нашых адносін, яны заўсёды будуць добрымі, і я ніколькі не сумняваюся, што мы здолеем і дадаць у нашых адносінах”, — заявіў Лукашэнка на сустрэчы.
Ён адзначыў, што нядаўна прымаў пасла Казахстана ў Беларусі і „проста яму сказаў пра канкрэтныя сур’ёзныя кірункі, па якіх бакі могуць рушыць наперад у развіцці супрацы”.
29 мая Лукашэнка возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. „З улікам юбілейнай даты — пяцігоддзя дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе — кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць вынікі развіцця саюза і вызначаць далейшыя перспектывы сумеснай працы па паглыбленні еўразійскай інтэграцыі, якаснай рэалізацыі ўжо існых дамоўленасцей”, — паведаміла раней прэс-служба прэзідэнта Беларусі.
На саміт таксама вынесеныя пытанні, якія тычацца пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва ЕАЭС, фармавання агульнага электраэнергетычнага рынку саюза, узаемадзеяння ў мытнай сферы, асноўных арыенціраў макраэканамічнай палітыкі на 2019—2020 гады, ходу рэалізацыі лічбавага парадку дня, стварэння Савета па прамысловай палітыцы ЕАЭС. Паводле вынікаў пасяджэння плануецца прыняць шэраг міжнародных дакументаў.
Фота sputnik.by