Прэзідэнт Літвы: Беларуская дзяржава ўсебакова залежыць ад Расеі
Беларусь „ўсебакова, ва ўсіх сэнсах” залежыць ад Расеі, заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, каментуючы 31 траўня журналістам сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, якая адбылася ў канцы мінулага тыдня.
„Гэта яшчэ раз выдатна ілюструе, наколькі Беларусь залежыць ад Расеі, колькі розных сувязяў устаноўлена, — цытуе літоўскага прэзідэнта партал навін Delfi. — І нават калі часам беларускі дыктатар сцвярджае, што гаворка ідзе пра нейкую абарону незалежнасці і пра нейкую самастойнасць у той ці іншай сферы, нам не варта падманвацца — мы павінны добра разумець, што гэта дзяржава ўсебакова, ва ўсіх сэнсах залежнасці ад Расеі, і таму нам не варта мець нават найменшых ілюзій”.
„Мы павінны ўсімі магчымымі цывілізаванымі сродкамі ўтрымаць беларускага дыктатара ад такіх дзеянняў, з якімі мы сутыкнуліся зусім нядаўна (гаворка пра вымушаную пасадку самалёта Ryanair у Менску і затрыманне яго пасажыраў — актывіста і блогера Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны Сафіі Сапегі. — БелаПАН.), і лепшы спосаб гэта зрабіць — падняць цану такіх дзеянняў да максімуму, каб падобныя дзеянні каштавалі дорага і балюча. Іншага шляху для змены мадэлі паводзінаў проста няма”, — перакананы ён.
Паводле слоў Наўседы, у хуткім часе можна чакаць рашэння па сектарных санкцыях для Беларусі. „Хачу з задавальненнем адзначыць хуткае рашэнне, якое прыняў савет кіраўнікоў Еўропы некаторы час таму — рэакцыя была хуткай, практычна на працягу 40 гадзін адрэагавалі на тое, што здарылася ў Беларусі. Веру, што гэтая рашучасць і цалкам яснае ўсведамленне пагроз пранізала іерархію ведамстваў Еўразвяза. Таму рашэнні неўзабаве будуць”, — заявіў ён.
23 мая самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, здзейсніў вымушаную пасадку ў Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі загад пасадзіць самалёт у Менску. Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.
Пазней паведамленне пра бомбу не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне Пратасевіча. На радзіме ён абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы.
Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвяза. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт праз яе тэрыторыю.
Таксама Еўрасаюз рыхтуе чацвёрты і пяты пакеты санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў, у тым ліку сектаральныя. ЗША вяртаюць ранейшыя і рыхтуюць новыя санкцыі.
Афіцыйныя перамовы Лукашэнкі і Пуціна адбыліся ў Сочы 28 траўня, неафіцыйныя 29 траўня. Па выніках другога дня блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал „Пул Першага” паведаміў, што „канчаткова вырашанае пытанне аб пералічэнні другога траншу дзяржаўнага крэдыту”, а таксама „дасягнутая дамоўленасць пра адкрыццё новых рэйсаў „Белавія” ў расейскія гарады”.