Прэзідэнт Літвы: У інтарэсах усяго ЕЗ, каб Беларусь заставалася незалежнай
У інтарэсах усяго Еўразвяза, каб Беларусь заставалася незалежнай дзяржавай са сваімі межамі, са сваёй культурай і ўласнымі мэтамі. Пра гэта прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў у інтэрв’ю балтыйскаму інфармацыйнаму агенцтву BNS, поўная версія якога апублікавана 9 верасня.
Фота: baltnews.lt
Наўседзе задалі пытанне, ці не лічыць ён імкненне да большага дыялогу з Беларуссю паўторам памылкі сваёй папярэдніцы Далі Грыбаўскайтэ, якая „дзесяць гадоў таму сустракалася з Аляксандрам Лукашэнкам”, а пасля „назвала Беларусь варожай дзяржавай” — з-за ваеннага супрацоўніцтва з Расеяй і будаўніцтва беларускай АЭС. „Дзесяць гадоў таму ў нас была зусім іншая сітуацыя, хоць здаецца, што лідары Расеі і Беларусі — Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка — аднолькавыя. Але і беларускае, і расійскае грамадства кардынальна змянілася, і геапалітычная сітуацыя ў цэлым змянілася”, — адзначыў літоўскі прэзідэнт.
„Нельга адмаўляць, што сёння Беларусь змагаецца за сваю незалежнасць, — заявіў Наўседа. — Хоць час ад часу ствараецца ўражанне, што ўсё ўжо вырашана, я так не лічу. Ужо 20 гадоў кажуць пра саюз (Беларусі і Расіі. — БелаПАН.), але чамусьці гэтага саюза няма. Я спадзяюся, Беларусь хоча заставацца незалежнай дзяржавай, і, думаю, мы ў ЕЗ у цэлым таксама зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь заставалася незалежнай дзяржавай са сваімі межамі, са сваёй культурай, са сваімі ўласнымі мэтамі. Хоць, калі гаворка ідзе пра сённяшні дзень, мы ясна бачым, што на 100% самастойнасці (Беларусі ад Расеі. — БелаПАН.) няма, асабліва ў ваеннай сферы”.
Паводле слоў Наўседы, ён будзе прыкладаць намаганні да таго, каб „паступова ўсталяваць нармальны чалавечы кантакт”, не забываючы, аднак, пра рознагалоссі з нагоды Беларускай АЭС. „Ненармальна быць побач адзін з адным у акопах і не заўважаць прысутнасць суседа. Думаю, мы пачнем асцярожна, патроху [наладжваць кантакт з Беларуссю], і, вядома ж, усё будзе залежаць ад гатоўнасці Беларусі да супрацоўніцтва. Сілаю не быць мілаю”, — падсумаваў кіраўнік літоўскай дзяржавы.
На сумеснай прэс-канферэнцыі з генеральным сакратаром НАТА 4 верасня ў Бруселі Наўседа заявіў, што Літва будзе падтрымліваць намаганні Беларусі заставацца незалежнай дзяржавай.
„У нас даволі кароткая мяжа з Расеяй і вельмі працяглая — з Беларуссю. Мне б хацелася, каб гэтая мяжа заставалася мяжой з Беларуссю, а не з Расеяй. Гэта азначае, што мы будзем падтрымліваць усе намаганні Беларусі, накіраваныя на тое, каб застацца незалежнай дзяржавай”, — сказаў палітык.
belapan.by