Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда з афіцыйным візітам у ЗША (абноўлена)



Прэзідэнты Польшчы і ЗША – Анджэй Дуда і Дональд Трамп падпісалі сёння ў Вашынгтоне дэкларацыю аб супрацоўніцтве ў галіне абароны, якая прадугледжвае павелічэнне амерыканскай вайсковай прысутнасці ў Польшчы. 

Фота AFP

У дакуменце гаворыцца, што ў найбліжэйшай будучыні колькасць амерыканскіх вайскоўцаў, якія пастаянна будуць знаходзіцца ў Польшчы, узрасце амаль на тысячу.

Падчас прэс-канферэнцыі Дональд Трамп адзначыў, выключна Польшча выдаткуе фінансавыя сродкі на дадатковых амерыканскіх жаўнераў. Галоўная мэта прысутнасці амерыканскіх войскаў, на думку кіраўнікоў Польшчы і ЗША — супрацьстаянне Расеі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і прадухіленне магчымасці ўзброенага нападу з боку Масквы.

Таксама прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што разглядае магчымасць візіту ў Польшчу.

* * * 

Амерыканскія ўлады яшчэ не вырашылі, ці будуць адпраўляць  дадатковыя войскі ў Польшчу. Адначасова прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адзначыў на сённяшняй сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і журналістамі,  што такую ​​магчымасць ён разглядае.

Фота AFP

Выступаючы перад журналістамі, кіраўнік Белага дома распавёў, што канчаткова пытанне аб павелічэнні амерыканскай ваеннай прысутнасці ў Польшчы не вырашана, аднак сам ён абдумвае магчымасць перакідання туды з Нямеччыны  дадаткова двух тысяч жаўнераў. У выпадку станоўчага вырашэння гэтага пытання агульная колькасць амерыканскіх вайскоўцаў у Польшчы павялічыцца ў паўтара раза і дасягне шасці тысяч жаўнераў. 

Дональд Трамп па выніках сустрэчы з Анджэем Дудам адзначыў, што Польшча пагадзілася набыць у ЗША «шмат самалётаў F-35». Раней паведамлялася, што  Вашынгтон хоча перакінуць у Польшчу тысячу вайскоўцаў у дадатак да 4-ох тысячаў, якія тут ужо  знаходзяца. Пры гэтым вайскоўцы маюць выконваць ваенна-тэхнічныя, а не баявыя задачы.

* * * 

Чакаецца, што падчас візіту будзе агучана падпісанне важнай дамовы ў пытанні вайсковага супрацоўніцтва.

Раней не аднойчы заяўлялася пра стварэнне ў Польшчы амерыканскай вайсковай базы „Fort Trump”, аднак напярэдадні візіту многія эксперты выказалі сумневы ў тым, што гэта адбудзецца. Таксама актыўна абмяркоўваецца пытанне закупкі Польшчай знішчальнікаў F-35 – найбольш сучасных самалётаў у сённяшнім свеце. Дзякуючы дамове, пра падпісанне якой ідзе гаворка, Польшча стане яшчэ больш звязанай са Злучанымі Штатамі ў плане палітычным і вайсковым, але таксама і значна павысіць узровень сваёй бяспекі, – мяркуюць адмыслоўцы. Папярэдне ў ЗША прайшлі перамовы прадстаўнікоў Міністэрства абароны Польшчы і Пентагону.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота GoPolsha