Прэзідэнт Польшчы напісаў у ААН ліст па сітуацыі ў Беларусі
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда накіраваў ліст лідарам 47 краін, якія з’яўляюцца членамі Рады па правах чалавека ААН.
«Гэта першы ліст у абарону беларусаў у такім шырокім маштабе», – сказаў кіраўнік Кабінету прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі.
Актуальна Польшча зʼяўляецца членам Рады па правах чалавека ААН. «Мы заклікаем краіны Рады не быць абыякавымі да таго, што адбываецца ў Беларусі», – сказаў Шчэрскі. Ён дадаў, што міжнародная супольнасць павінна звярнуць увагу на жорсткае парушэнне правоў чалавека і грамадзянскіх свабод у Беларусі.
Паводле Шчэрскага, «у Польшчы існуе маральны абавязак нагадваць пра Беларусь на міжнароднай арэне». «Нехта павінен разбудзіць свет, які, як мы бачым, не вельмі зацікаўлены ў тым, што адбываецца ў Беларусі», – зазначыў высокапастаўлены польскі чыноўнік.
Рада па правах члавека зʼяўляецца дапаможным органам Генеральнай асамблеі ААН. Яна была створаная ў 2006 годзе. Члены Рады выбіраюцца на тры гады. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Жэневе.