Прэзідэнт Польшчы прапанаваў рэферэндум па зменах у Канстытуцыю



Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда лічыць, што ў наступным годзе неабходна правесці нацыянальны рэферэндум па пытанні змены канстытуцыі.

Фота PAP

Кіраўнік польскай дзяржавы заявіў пра гэта падчас свайго выступу на Замкавай плошчы ў Варшаве з нагоды Дня Канстытуцыі 3 траўня.

„Я лічу, што ў 2018 годзе, у год стагоддзя здабыцця Польшчай незалежнасці, польскі народ павінен выказаць сваё меркаванне з нагоды будучага дзяржаўнага ладу Польшчы. Народ павінен сказаць, якую ролю, на яго думку, павінен граць прэзідэнт, Сенат, Сейм, на якіх грамадзянскіх правах і свабодах павінны быць зробленыя акцэнты”, – сказаў Анджэй Дуда, дадаўшы, што дэбаты на гэтую тэму павінны праходзіць не толькі з удзелам элітаў, але і з удзелам народа.

Да таго, што асноўны закон Польшчы павінен зведаць змены, схіляюцца палітыкі кіруючай партыі „Права і справядлівасць”, а таксама руху „Кукіз’15”.

Ідэю прэзідэнта не падтрымлівае партыя „Грамадзянская платформа”, якая лічыць, што ў Польшчы няма прасторы для дыскусіі пра змены ў канстытуцыі, бо – як адзначаюць прадстаўнікі партыі – парламенцкая большасць у Сейме парушае канстытуцыю штодня.

radiopolsha.pl