Прэзідэнт Польшчы скліча першае пасяджэнне новага парламента 13-га лістапада



Першае пасяджэнне новага складу парламента Польшчы адбудзецца 13-га лістапада. Пра гэта прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў у звароце па выніках кансультацый з асноўнымі партыямі, якія прайшлі ў склад Сейма. Паводле слоў Дуды, у выніку ёсць два кандыдаты на пасаду будучага кіраўніка ўрада.

“Маем двух вартых кандыдатаў на пасаду прэм’ера. Аб’яднаныя правыя праінфармавалі, што іх кандыдатам будзе Матэвуш Маравецкі. Яны мяркуюць, што будуць валодаць большасцю ў Сейме. Падобнае паведамленне пачуў ад „Грамадзянскай кааліцыі”, „Трэцяй дарогі” і „Левых”. Іх кандыдатам з’яўляецца Дональд Туск”, – сказаў ён.

Прэзідэнт Польшчы падкрэсліў, што сітуацыя ўнікальная, калі партыя, якая выйграла выбары, прэтэндуе на большасць, і іншая палітычная група таксама можа сфармаваць яго. Анджэй Дуда так і не сказаў, каму будзе даручана фармаваць урад. Гэтае рашэнне будзе прынята пазней.

Беларускае Радыё Рацыя