Прэзідэнт Польшчы заклікае міжнародную супольнасць звярнуць увагу на Беларусь



Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пачаў міжнародныя перамовы ў сувязі з сітуацыяй вакол польскай меншасці ў Беларусі.

У прыватнасці ў інтэрв’ю „Радыё Катавіцэ” Дуда расказаў, што абмеркаваў пытанне з генеральным сакратаром АБСЕ, вярхоўным камісарам АБСЕ па справах нацыянальных меншасцяў, прэзідэнтам Эстоніі. Эстонія з’яўляецца непастаянным чальцом Савета бяспекі ААН. У размове Дуды з генеральным сакратаром Савета Еўропы Марыяй Пейчынавіч-Бурыч атрыманыя запэўненні, што пытанне пераследу польскай меншасці ў Беларусі будзе ўзнятае на гэтым тыдні на пасяджэнні Камітэта міністраў Савета Еўропы.

Пра наяўную сітуацыю кіраўнік польскай дзяржавы праінфармаваў таксама вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, і накіраваў ліст прэзідэнту ЗША Джо Байдэну, у якім заклікаў ЗША як дзяржаву, што старшынюе ў Савеце бяспекі ААН, тэрмінова звярнуць увагу на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, пераслед яе грамадзянскай супольнасці, у тым ліку польскай меншасці.

Беларускае Радыё Рацыя