Прэзідэнт Польшчы заклікаў улады Беларусі амніставаць асуджаных журналістак



Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заклікаў улады Беларусі амніставаць асуджаных журналістак тэлеканала „Белсат”.

18 лютага 27-гадовую Кацярыну Андрэеву і 23-гадовую Дар’ю Чульцову на 2 гады адправілі ў калонію агульнага рэжыму за стрым, які яны ў лістападзе вялі з сімвалічнай „Плошчы Перамен” у Менску, падчас разгону мірнай вулічнай акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Іх прызналі вінаватымі ў „арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Крымінальную справу разглядаў суд Фрунзенскага раёна сталіцы: суддзя — Наталля Бугук, пракурор — Аліна Касьянчык. Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова прызнаныя палітзняволенымі.

Кшыштаф Шчэрскі з канцылярыі польскага прэзідэнта паведаміў у Twitter, што Анджэй Дуда таксама заклікаў афіцыйны Менск да спынення рэпрэсій супраць свабоды слова і грамадзянскіх правоў. „Рашучы пратэст” афіцыйнай Варшавы павінны перадаць дыпламаты. У той жа час Дуда звярнуўся да краін ЕЗ і заклікаў іх „салідарна, паслядоўна і рашуча рэагаваць” на развіццё падзей у Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя