Прэзідэнт Прыднястроўя распарадзіўся рыхтавацца да далучэння да Расеі



Прэзідэнт непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай рэспублікі (ПМР) Яўген Шаўчук выдаў указ пра падрыхтоўку да далучэння да Расеі. Дакумент апублікаваны на сайце прыднястроўскага лідара.

Указ выдадзены для рэалізацыі вынікаў рэспубліканскага рэферэндуму, які адбыўся 17 верасня 2006 года. Нарматыўны акт неабходны для выканання „волі народу Прыднястроўя па свабодным далучэнні да Расейскай Федэрацыі”.

У ліку прыярытэтных задач Шаўчук назваў прывядзенне прававой сістэмы рэспублікі ў адпаведнасць з расейскім заканадаўствам. Урад ПМР павінен у двухтыднёвы тэрмін стварыць для гэтага спецыяльную камісію, а да 1 лістапада прыднястроўскаму лідару павінны даць канкрэтны план па сінхранізацыі заканадаўстваў.

У сваю чаргу Бюро па рэінтэграцыі пры ўрадзе Малдовы назвала ўказ Шаўчука несапраўдным і небяспечным.

„Ён быў выдадзены неканстытуцыйным органам на падставе праведзенага незаконна на частцы тэрыторыі Рэспублікі Малдова рэферэндуму”, – гаворыцца ў заяве. Па словах малдоўскіх чыноўнікаў, ініцыятыва прэзідэнта ПМР падрывае намаганні па ўрэгуляванні канфлікту.

Прыднястроўе абвясціла незалежнасць у пачатку 1990-х. Расея аказвае непрызнанай рэспубліцы эканамічную дапамогу (паводле ацэнак экспертаў, штогадовая дапамога супастаўная з ВУП Прыднястроўя, складае каля мільярда даляраў). У той жа час прыналежнасці гэтай тэрыторыі да Малдовы Расея да гэтага часу афіцыйна не аспрэчвала.

У верасні 2006 года ў Прыднястроўі адбыўся рэферэндум, падчас якога большасць выбаршчыкаў падтрымалі курс на незалежнасць з наступным далучэннем да Расеі.

lenta.ru