Прэзідэнт Судана адпраўлены ў адстаўку
Прэзідэнт Судана Амар аль-Башыр пайшоў у адстаўку. Пра гэта міністр суданскай правінцыі Паўночны Дарфур Адэль Хусэйн заявіў арабскаму тэлеканалу Al Hadath у чацвер, 11 красавіка. Цяпер, па словах міністра, у краіне праходзяць кансультацыі па перадачы ўлады ваенным. Гэтую інфармацыю пацвердзілі і два высокапастаўленых чыноўнікі з ураду Судана.
У сталіцы Судана дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на антыўрадавыя пратэсты.
Вайскоўцы абкружылі будынак міністэрства абароны краіны, паведамляе агенцтва Reuters. Паводле відавочцаў падзей, салдаты знаходзяцца на асноўных вуліцах і мастах Хартума. Дзяржаўнае тэлебачанне заявіла, што ўзброеныя сілы Судана неўзабаве абнародуюць важную заяву.
Пра рашэнне вайскоўцаў адхіліць ад улады цяперашняга прэзідэнта і распусціць урад раней паведаміў арабскі тэлеканал Al-Mayadeen. Паводле інфармацыі телеканала Sky News Arabia, 75-гадовы кіраўнік дзяржавы знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Надзвычайнае становішча ў Судане
Акцыі пратэсту ў Судане пачаліся яшчэ ў снежні 2018 года. Пачаткова пратэстоўцы выступалі супраць рэзкага падвышэння цэнаў на хлеб, але неўзабаве абурэнне дэманстрантаў перакінулася супраць аўтарытарнага прэзідэнта.
Гэта прывяло да таго, што ў лютым 2019 года аль-Башыр абвесціў у краіне надзвычайнае становішча і абмежаваў свабоду сходаў, каб не дапусціць новых пратэстаў. Аднак людзі працягнулі выходзіць на вуліцы з патрабаваннямі адстаўкі кіраўніка дзяржавы.
Суд у Гаазе падазравае аль-Башыра ў арганізацыі генацыду
Амар аль-Башыр прыйшоў да ўлады ў 1989 годзе пасля путчу, які падтрымалі ісламісты. Міжнародны крымінальны суд у Гаазе абвесціў яго ў вышук па падазрэнні ў здзяйсненні ваенных злачынстваў і арганізацыі генацыду ў суданскай правінцыі Дарфур. Паводле ААН, з пачатку канфлікту ў Дарфуры ў 2003 годзе загінула амаль 300 тысяч чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя