Прэзідэнт Туркменістана наведвае Беларусь з афіцыйным візітам
Гурбангулы Бердымухамедаў наведае Беларусь з афіцыйным візітам 11—12 траўня.
Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага кіраўніка, запланаваныя перамовы прэзідэнта Туркменістана з Аляксандрам Лукашэнкам у фармаце „сам-насам” і ў пашыраным складзе. Бакі „дэталёва абмяркуюць стан і перспектывы беларуска-туркменскага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, што ўяўляюць узаемную цікавасць”. Гаворка пойдзе „і пра знакавыя для дзвюх краін сумесныя праекты”.
Чакаецца, што паводле вынікаў перамоў Лукашэнка і Бердымухамедаў падпішуць сумесную заяву, скіраваную на „далейшае ўмацаванне ўзаемавыгаднага беларуска-туркменскага супрацоўніцтва”. „У прысутнасці лідараў дзвюх краін будзе падпісаны шэраг іншых двухбаковых дакументаў”, — адзначаецца ў паведамленні.
„У адпаведнасці з традыцыяй, што склалася на вышэйшым узроўні”, прэзідэнт Туркменістана пасадзіць дрэва на Алеі ганаровых гасцей ля Палаца Незалежнасці.
Плануецца таксама, што Лукашэнка і Бердымухамедаў возьмуць удзел у цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Туркменістана.
Пра падрыхтоўку візіту туркменскага кіраўніка ўпершыню стала вядома 28 красавіка з прэс-рэліза беларускага МЗС паводле вынікаў сустрэчы першага намесніка міністра замежных спраў Аляксандра Міхневіча з паслом Туркменістана Назаркулы Шакулыевым.
Даведка: Кіраўнікі дзвюх краін наведваюць адзін аднаго прыкладна раз на два гады. Апошнім разам Бердымухамедаў быў у Меінску ў кастрычніку 2014 года. Тады кіраўнікі дзвюх краін заклалі памятную капсулу ў падмурак новага комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Менску. Да гэтага прэзідэнт краіны быў у беларускай сталіцы ў красавіку 2012 года. Апошні візіт Лукашэнкі ў Ашгабат адбыўся ў снежні 2015 года, перадапошні — у лістападзе 2013 года.