Прэзідэнт Туркменістана „выйграў выбары” з падтрымкай амаль 98%
Гурбангулы Бердымухамедаў пераабраны прэзідэнтам Туркменістана. У ходзе выбараў, якія адбыліся ў нядзелю, за яго, паводле папярэдніх звестак, прагаласавалі 97,69% выбаршчыкаў.
Выбары «прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні, у атмасферы ўсеагульнага натхнення і высокага эмацыйнага ўздыму», — пішуць тамтэйшыя СМІ.
Яўка склала 97,27%, што тлумачыцца «свядомым імкненнем народа стаць непасрэдным удзельнікам далейшага працэсу дэмакратычных пераўтварэнняў».
Акрамя Бердымухамедава на пасаду прэзідэнта прэтэндавалі яшчэ восем чалавек — дырэктары нафтавых прадпрыемстваў, кандыдат ад партыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, мясцовыя чыноўнікі.
Бердымухамедаў кіруе краінай з 2006 года.