Прэзідэнт Украіны сустрэўся з бацькамі Міхаіла Жызнеўскага
Маці Міхала Жызнеўскага спадзяецца на тое, што прэзідэнт Украіны вырашыць пытанне з уганараваннем яе сына ўзнагародай „Герой Украіны”. Падчас сустрэчы з кіраўніком украінскай дзяржавы ў Ніны Васільеўны Жызнеўскай склалася ўражанне, што Пятро Парашэнка блізка ўспрыняў трагедыю яе сям’і.
– Ён сустрэў нас вельмі цёпла. І ён сказаў, што Міша пакутнік за свабоду Украіны, і што ён будзе ў Радзе узнімаць пытанне, каб змяніць “літару” закона і каб Мішы прысвоіць званне Героя Украіны. Я яму расказала, што гэтае званне Героя Мішы патрэбна для таго, каб у нас у Беларусі закрыць раты тым беларусам, якія абражаюць Мішу, называюць “нацыстам”, называюць “бандытам”, які стаяў за грошы на Майдане.
У пачатку гэтага года гамяльчук Міхал Жызнеўскі загінуў адным з першых падчас акцый пратэсту на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. Беларуса пасмяротна ўзнагародзілі Ордэнам Нябеснай Сотні.
* * *
Пятро Парашэнка сустрэўся з бацькамі Міхаіла Жызнеўскага – Нінай і Міхаілам Жызнеўскімі. Прэзідэнт Украіны запэўніў, што будзе шукаць заканадаўчую магчымасць, каб і Міхаіла Жызнеўскага, як і загінулых на Майдане ўкраінцаў, уганараваць адпаведным чынам.
„Падчас сустрэчы з бацькамі Міхаіла Жызнеўскага перадаў ім ордэн Герояў Нябеснай Сотні іх сына.
Удзячны Вам за тое, што выхавалі героя, памяць пра якога назаўжды застанецца ў сэрцах украінцаў. Я раблю ўсё магчымае, каб Міхаіл атрымаў званне Героя Украіны, аднак зараз закон не дазваляе ўручаць гэтую ўзнагароду іншаземцам, і патрэбна адпаведнае рашэнне Вярхоўнай Рады. Упэўнены, што Парламент ухваліць неабходныя змены ў заканадаўства”, – напісаў у сваім Facebook Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.
Гэтымі днямі бацькі Жызнеўскага знаходзяцца ў Кіеве. Яны прысутнічалі на ўсталяванні помніка сыну на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, непадалёк ад месца, дзе Міхаіл загінуў. Бацькі звярнуліся з заклікам да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі зрабіць выключэнне і даць іх сыну званне Героя Украіны, каб і ў Беларусі нарэшце зразумелі, што сын ахвяраваў жыццё за свабоду і незалежнасць украінскай дзяржавы.