Прэзідэнт Зімбабве плануе наведаць Беларусь
Прэзідэнт Зімбабве Эмерсан Мнангагва на наступным тыдні плануе наведаць Беларусь. Як паведамляе herald.co.zw са спасылкай на прэс-сакратара прэзідэнта Джорджа Чарамбу, запланаваныя візіты Мнангагвы ў чатыры краіны — Расею, Беларусь, Азербайджан і Казахстан. Акрамя таго, ён мае намер узяць удзел у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе (Швейцарыя).
Гэтыя візіты прэзідэнта Чарамба назваў стратэгічнымі і паведаміў, што паводле іх вынікаў чакаецца падпісанне вялікай колькасці пагадненняў і мемарандумаў. Згодна са словамі прэс-сакратара, візіты ў Расею, Беларусь, Азербайджан і Казахстан арганізаваныя на запрашэнне гэтых краін.
Гаворачы пра Беларусь, Чарамба адзначыў, што ў Зімбабве пастаўляецца беларуская тэхніка і абсталяванне для горназдабыўной і будаўнічай галіны. Беларусь таксама ўдзельнічае ў рэалізацыі інфраструктурных праектаў у Зімбабве.
У верасні 2018 года Зімбабве наведаў кіраўнік спраў прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман. Як паведаміла прэс-служба беларускага прэзідэнта, прайшлі перамовы з прэзідэнтам Зімбабве, старшынёй Рэзервовага банка, вядучымі міністрамі, якія курыруюць сферы замежных спраў і міжнароднага гандлю, горнай здабычы і развіцця здабыўной галіны, сельскай гаспадаркі, транспарту і развіцця інфраструктуры. Бакі абмеркавалі напрамкі сумеснай працы ў сельскай гаспадарцы, транспарце, лагістыцы, электраэнергетычнай сферы, будаўніцтве, адукацыі, ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, пытанне паставак у Зімбабве беларускай тэхнікі.
Паводле інфармацыі прэс-службы, дасягнутыя пагадненні аб стварэнні прадпрыемстваў, прапрацоўцы пытанняў у галіне сумеснага развіцця інфраструктуры, будаўніцтва жалезных, аўтамабільных дарог, стварэння лагістычных цэнтраў. Прынятае рашэнне аб стварэнні рабочай групы па адпаведных напрамках.
Акрамя таго, падчас паездкі былі падпісаныя кантракты на пастаўкі лесанарыхтоўчай, дарожна-будаўнічай, грузавой тэхнікі амаль на 60 млн долараў ЗША.